2015-08-26 15:53:00

Як Касцёл ставіцца да крэмацыі і развейвання праху?


Апошнім часам становіцца ўсё больш распаўсюджанай практыка крэмацыі, у якасці альтэрнатывы пахаванню ў зямлі. Напрыклад, у Мінску колькасць крэмацый складае трэццю частку ад усіх пахаванняў. Яна расце з кожным годам, што ў не апошнюю чаргу звязана з перапоўненасцю традыцыйных могілак. У сувязі з гэтым узнікаюць пытанні – як Касцёл ставіцца да спалення цела памерлага, захавання яго праху ў пахавальнай урне ці яго развейвання? Адказаць на іх мы паспрабуем у сённяшняй праграме. 

Традыцыя спалення целаў памерлых існавала з самых старадаўніх часоў, але прыкладна з V cт. у Еўропе пачала шырока замяняцца інгумацыяй (ад лацінскага humus – зямля) – пахававаннем ў зямлі. У першую чаргу гэта было звязана з распаўюджваннем хрысціянскай веры. Пахаванне ў зямлі практыкавалася са спасылкай на пахаванне Хрыста, цела Якога не было прыдадзена агню, і некаторыя біблійныя вобразы, якія прадстаўляюць жыццё пасля смерці як тое, якое нараджаецца ад зерня, схаванага ў зямлі. Напрыклад, на старонках Евангелля паводле св. Яна гаворыцца: “Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, прынясе багаты плён” (12,24). Або, напрыклад, у Першым пасланні апостала Паўла да Карынцянаў адзначаецца: “Хто-небудзь скажа: “Як памерлыя ўваскрэснуць? У якім целе яны прыйдуць?” Неразумны! Тое, што ты сееш, на ажыве, перш чым не памрэ. Тое, што ты сееш, сееш не як будучае цела, але як голае зерне, напрыклад пшаніцы ці чаго іншага” (15,35-28).

Рашучае асуджэнне крэмацыі з боку Касцёла адбылося ў 1886 г. па прычыне таго, што гэта практыка шырока выкарыстоўвалася масонамі ў якасці антыкаталіцкай правакацыі. Вета, накладзенае на крэмацыю, захоўвалася на працягу амаль наступных 90 гадоў. 

Пасля глыбокай і доўгай палемікі, у сувязі са зменай сацыяльнага кантэксту, яно было знята. Гэта адбылося падчас ІІ Ватыканскага Сабора – у 1963 г. У спецыяльным дактрынальным настаўленні, падпісаным Паўлам VI казалася: “Касцёл заўсёды завяшчаў хаваць цела ў зямлі: суправаджаючы гэты жэст абрадамі, пакліканымі падкрэсліць яго сімвалічнае і рэлігійнае значэнне, а таксама праз кананічныя пакаранні тым, хто паступае насуперак гэтай здаровай практыцы. У прыватнасці, гэта адбывалася тады, калі супрацьстаянне нараджалася ад духа, варожага хрысціянскім звычаям і касцёльным традыцыям і ўмацоўвалася сектанцтвам тых, хто хацеў замяніць пахаванне ў зямлі крэмацыяй на знак ваяўнічага адмаўлення хрысціянскіх догмаў, перад усім уваскашэння з памерлых і бесмяротнасці душы. Гэты намер, канешне, быў суб’ектыўным фактам, які нараджаўся ў душы прыхільнікаў крэмацыі, а не аб’ектыўным, неадлучным ад самой крэмацыі. Сапраўды, спаленне цела не тычыцца душы і не перашкаджае ўсемагутнасці Бога аднавіць цела. Таму, яно не ўтрымлівае ў сабе аб’ектыўнага адмаўлення гэтых догмаў. Такім чынам, гаворка не ідзе пра штосьці неразумнае і супярэчлівае хрысціянскай рэлігіі”.

Да сённяшняга дня, аднак, пры пахаванні памерлых перавага аддаецца інгумацыі. Сучасны Кодэкс кананічнага права кажа пра гэта наступным чынам: “Касцёл настойліва рэкамендуе захоўваць пабожны звычай пахавання цел памерлых. Тым не менш, не забараняецца і крэмацыя, калі толькі перавага ёй не была дадзена па прычынах, якія супярэчаць хрысціянскаму веравучэнню” (кан. 1176). Пад “пабожным звычаем” маецца на ўвазе пахаванне ў зямлі.

Важна адзначыць, што практыка крэмацыі не пазбаўлена двухсэнсоўнасці, як і любы іншы спосаб пахавання, у якім павевы “свецкай рэлігіі” і высакамернасці пачынаюць уплываць на рэчы, звязаныя з верай. Напрыклад, у некаторых краінах існуюць законы, паводле якіх прах памерлага магчыма не толькі захоўваць дома, але таксама развейваць у спецыяльна вызначаных месцах. Такія звычаі рызыкуюць пераўтварыцца ў “моду”, якая прывядзе да баналізацыі вялікай таямніцы смерці.

Захаванне праху ў дамах прыватызуе памяць, якая асабліва для хрысціян з’яўляецца красамоўным і публічным сведчаннем аб нетрываласці зямнога жыцця і таямніцы жыцця пасля смерці. Мы не можам таксама замоўчваць тое, што прысутнасць урны з прахам памерлага сваяка ў прыватным доме можа з часам ствараць пэўныя нязручнасці для нашчадкаў.

Развейванне праху само па сабе не з’яўляецца антыхрысціянскім, але сёння, у нашым асаблівым культурным кантэкце ўзнікае падазрэнне, што падобная практыка – гэта праява ўплыву псеўдарэлігійнай і пантэістычнай духоўнасці “new age”, уяўленняў пра касмічнага і безасабовага бога. Па гэтай прычыне развейванне праху Касцёлам не рэкамендуецца.

Існуюць і іншыя не зусім адпавядаючыя здароваму розуму практыкі, звязаныя з захоўваннем праху памерлага. Напрыклад, некаторыя камерцыйныя структуры прапануюць вырабіць пярсцёнкі, кулоны, амулеты і іншыя ювелірныя ўпрыгожванні, у якія можна змясціць частку праху блізкага памерлага і заўсёды насіць з сабой на шыі ці на руцэ. Касцёл заклікае пазбягаць падобнай практыкі.

Сёння ў многіх краінах свету ў абрады пахавання ўключаны спецыяльныя малітвы перад крэмацыяй і пахавальнае набажэнства каля крэмацыйнай урны. Пахавальная літургія можа праходзіць не перад спаленнем цела але ўжо каля яго праху, напрыклад, калі чалавек памёр за мяжой і на месца пахавання быў прывезены толькі яго прах. Але ў звычайнай практыцы развітанне з памерлым адбываецца перад яго спаленнем у крэматорнай печы. 

Такім чынам, падводзячы вынікі, можна сказаць, што крэмацыя не супярэчыць хрысціянскай веры і праўдзе пра ўваскрашенне, але, паважаючы старажытную традыцыю, Касцёл рэкамендуе практыкаваць традыцыйную форму пахавання.








All the contents on this site are copyrighted ©.