2015-08-26 16:03:00

Сужэнства (VIII)


Сёння ў нашай перадачы мы працягваем гаворку аб даволі складанай, балючай і далікатнай справе, якая звязана з сакрамэнтам сужэнства, а менавіта аб раздзяленні сужонкаў.Тут адразу трэба звярнуць увагу на тое, што гаворка не ідзе аб разводзе ў “грамадзянскім” значэнні гэтага слова. Дзяржаўнае права многіх краін, у тым ліку і Беларусі, дапускае развод сужонкаў, гэта азначае, што пасля такога разводу яны нанова становяцца вольнымі і могуць заключаць новае сужэнства. У Касцёле справа выглядае зусім інакш, таму што сапраўдным чынам заключанае касцёльнае сужэнства ніколі не можа быць разарвана ніякай чалавечай уладай – аб гэтым мы ўжо неаднойчы казалі. Але ўсё ж такі існуюць сітуацыі, якія робяць немагчымым сумеснае пражыванне сужонкаў – напрыклад, пастаянная здрада аднаго з іх, алкагалізм, пастаянная ругань і бойкі ў сям’і – цяжка ў такіх выпадках патрабаваць, каб сужонкі працягвалі жыць разам, менавіта таму Касцёл дапускае такую магчымасць, як раздзяленне сужонкаў – гэта азначае, што пры пэўных умовах яны могуць перарваць сужэнскае жыццё, жыць нават у асобных месцах, але такое раздзяленне не касуе самога сакрамэнту сужэнства, пасля касцёльнага раздзялення сужонкі не становяцца свабоднымі, яны не могуць заключыць новы сужэнскі саюз. І менавіта аб такім раздзяленні  сужонкаў мы сёння і будзем гаварыць – у якіх сітуацыях гэта магчыма, якія існуюць да гэтага патрабаванні і да каго звяртацца ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. 

Наогул, як мы ужо не раз казалі, сужонкі маюць абавязак і права захоўваць сужэнскае жыццё, хіба што законная прычына іх ад гэтага вызваліць. Найбольш моцнай прычынай, якая ўдарае ў сумеснае жыццё, з’яўляецца сужэнская здрада. Канешне, Касцёл заўсёды навучае аб прабачэнні, але ўсё ж такі сужэнская здрада з’яўляецца занадта паважнай і далікатнай справай, і Касцёл не можа патрабаваць, каб пакрыўджаны сужонак прабачыў іншаму боку, а можа толькі прызываць да гэтага і маліцца аб прабачэнні і згодзе ў сям’і. Таму і тэкст канону гаворыць аб тым, што хаця і вельмі найстойліва рэкамендуецца, каб сужонак, кіраваны хрысціянскай любоўю і клапоцячыся аб дабры для сям’і не адмаўляў прабачэння боку, які ўчыніў чужалоства, і не спыняў сужэнскага жыцця, аднак, калі ён выразна або моўчкі не прабачыць гэтую правіну, ён мае права скасаваць сужэнскае жыццё, хіба што ён сам даў згоду на чужалоства або падставу для яго, і сам таксама ўчыніў чужалоства. Што такое выразнае прабачэнне, я думаю, ясна. А што ж такое маўлівае прабачэнне сужонка? Маўклівае прабачэнне мае месца тады, калі невінаваты сужонак, упэўніўшыся ў здзейсненым чужалостве, добраахвотна працягвае сужэнскае жыццё з іншым сужонкам; такое прабачэнне мяркуецца, калі на працягу шасці месяцаў ён будзе падтрымліваць сужэнскае жыццё і не падасць скаргі ні касцёльнай, ні цывільнай уладзе. Але ж калі невінаваты сужонак добраахвотна скасуе сужэнскае жыццё, ён павінен на працягу шасці месяцаў пераказаць справу аб раздзяленні кампетэнтнай касцёльнай уладзе, якая павінна, разгледзеўшы ўсе абставіны, рассудзіць, ці можна пабудзіць невінаватага сужонка прабачыць гэтую правіну і не працягваць раздзяленне назаўсёды. 

Але нажаль, сужэнская здрада не з’яўляецца адзінай прычынай цярпення ў сем’ях, здараюцца таксама іншыя цяжкія сітуацыі – злачынствы, пабоі, п’янства, розныя залежнасці. Усе яны могуць стаць прычынай немагчымасці працягвання сумеснага сужэнскага жыцця. Калі адзін з сужонкаў прадстаўляе паважную небяспеку для душы або цела іншага сужонка ці патомства або нейкім іншым спосабам робіць сумеснае жыццё занадта цяжкім, то ён дае другому сужонку законную падставу адысці паводле дэкрэта Ардынарыя месца або нават паводле ўласнага рашэння, калі прамаруджванне будзе небяспечным, але ў такіх сітуацыях заўсёды, калі прычына раздзялення перастае існаваць, сужэнскае жыццё павінна быць адноўлена.  

Падчас раздзялення сужонкаў канешне найбольш пакутуюць дзеці – нажаль, бацькі даволі часта аб гэтым забываюць, таму таксама існуе норма кодэксу, якая гаворыць, што калі раздзяленне адбылося, заўсёды трэба адпаведным чынам паклапаціцца аб належным утрыманні і выхаванні дзяцей. З якой бы прычыны не адбылося раздзяленне сужонкаў, невінаваты сужонак можа заўсёды нанова дапусціць другога сужонка да сужэнскага жыцця, і гэта будзе вельмі добра, толькі ў гэтым выпадку ён павінен адмовіцца ад права на раздзяленне.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

    

 








All the contents on this site are copyrighted ©.