2015-08-23 12:53:00

Папскі дыпламат: ААН страціла пачуццё агульнай адказнасці


Міграцыйны крызіс павінен быць вырашаны шляхам ліквідацыі яго прычын, такім чынам, вайны, палітычнага хаосу і галечы, падкрэсліў ватыканскі дыпламат пры органах ААН у Жэневе. Арцыбіскуп Сільвана Тамазі ўзяў удзел у арганізаванай рухам “Камунія і вызваленне” (Comunione e Liberazione) Сустрэчы на карысць сяброўства паміж народамі, якая праходзіла ў мінулыя дні ў італьянскім Рыміні. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё іерарх выказаў думку, што ў сучасным свеце ёсць палітычная воля, каб захаваць няроўнасці паміж краінамі. Гэта прыводзіць да беднасці і міграцыі.

Кажучы аб прытоку мігрантаў, папскі дыпламат папярэдзіў, што самы цяжкі час яшчэ наперадзе. Недастаткова проста прыняць бежанцаў, трэба таксама клапаціцца пра іх інтэграцыю. Гэта можа быць асабліва цяжка ў выпадку імігрантаў-мусульман.

“Існуе абавязацельства забяспечыць гасціннасць, але ёсць таксама права на захаванне сваёй самабытнасці. У гэтым выпадку, перш за ўсё, хрысціянскай ідэнтычнасц, асабліва ва ўмовах прытоку імігрантаў-мусульман, якія маюць пэўныя праблемы з прыняццем аддзялення рэлігіі ад палітыкі. Гэта мае значэнне для іх інтэграцыі. Што рабіць у такой сітуацыі? Мы павінны сказаць, што ёсць пэўныя базавыя каштоўнасці, якія павінны быць прыняты. Некаторыя з іх – гэта павага да грамадскага плюралізму, падзелу палітыкі і рэлігіі, прыняцце нармальнага дэмакратычнага працэсу, каб забяспечыць паслядоўнае і канструктыўнае суіснаванне”, - лічыць арцыбіскуп Тамазі.

Іерарх таксама адзначыў, што сучасны свет захоўвае поўную абыякавасць да ганенняў на хрысціян, як калі б іх асноўныя правы былі меншымі за правы іншых людзей. 

Ватыканскі дыпламат таксама вельмі крытычна выказаўся аб дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у якой ён з’яўляецца назіральнікам. ААН страціла пачуццё агульнай адказнасці і салідарнасці адносна чалавечай сям’і, а яе асноўнымі прынцыпамі сталі бязлітасны індывідуалізм і свабода без адказнасці. Гэта выяўляецца, у прыватнасці, у блакаванні дзеянняў, неабходных для вырашэння бягучых праблем, выказаў меркаванне пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН у Жэневе.








All the contents on this site are copyrighted ©.