2015-08-23 14:00:00

Папа перад “Анёл Панскі”: хто Езус для мяне?


Зрабіць веру ў Хрыста сэнсам жыцця заклікаў Францішак падчас медытацыі перад малітвай “Анёл Панскі” 23 жніўня 2015 г. у Ватыкане. Ён падкрэсліў, што Езус не можа быць нейкім “дадатковым элементам” чалавечага існавання; Ён – сапраўдны “хлеб жывы”. Прычым, сувязь з Хрыстом у рэальных адносінах веры і любові не мае характару нявольніцтва – гэта сапраўдная свабода, рух наперад і адкрытасць да выклікаў часу, сказаў Святы Айцец і прапанаваў кожнаму задаць сабе пытанне: “Хто Езус для мяне?”.
 
“Сёння мы заканчваем чытанне шостага раздзелу Евангелля св. Яна, у які ўвайшлі словы пра “хлеб жыцця”, сказаныя Езусам пасля цуду размножвання хлябоў і рыб, - нагадаў Пантыфік. - У канцы гэтай прамовы згасае вялікі энтузіязм папярэдняга дня, таму што Езус кажа, што Ён ёсць хлеб, які сышоў з неба, і што Ён дасць сваё цела як ежу і сваю кроў як напой, выразна спасылаючыся на ахвяру свайго жыцця. Гэтыя словы выклікалі ў людзях расчараванне; яны прызналі іх нявартымі, неадпаведнымі для Месіі. Сапраўды, некаторыя бачылі ў Езусе Месію, які павінен гаварыць і дзейнічаць так, каб місія скончылася поспехам. Але менавіта тут яны рабілі памылку: адносна спосабу разумення місіі Месіі! Нават вучні не маглі прыняць гэту трывожную мову Настаўніка. І сённяшні тэкст кажа пра іх збянтэжанасць – “Цяжкая гэтая мова. Хто можа яе слухаць?” (Ян 6, 60).

На самой справе, яны добра зразумелі мову Езуса. Так добра, што не хочуць яе слухаць, бо гэта мова, якая выпрабоўвае іх менталітэт. Але Езус дае ключ да пераадолення цяжкасцяў. Гэты ключ складаецца з трох элементаў. Па-першае, Яго Боскае паходжанне: Ён сышоў з нябёсаў, і пойдзе туды, “дзе быў раней” (Ян 6, 62). Па-другое, Яго словы могуць быць зразуметыя толькі праз Святога Духа, Які “дае жыццё” (Ян 6, 63). Па-трэцяе, рэальнай прычынай для неразумення Яго слоў з’яўляецца адсутнасць веры: “Ёсць між вас тыя, хто не верыць” (Ян 6, 64). З гэтага часу, “многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго” (Ян 6, 66). У абліччы гэтага адыходу Езус не здаецца і не змякчае сваіх слоў, і нават прымушае да выразнага выбару: або быць з Ім, або аддзяліцца ад Яго; і кажа Дванаццаці: “Ці вы таксама хочаце адысці?” (Ян 6, 67).

У гэты момант, Пётр складае сваё вызнанне веры ад імя іншых апосталаў: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага” (Ян 6, 67). Ён не кажа: “Куды мы павінны ісці?”, але: “Да каго мы пойдзем?”. Асноўнай праблемай не з’яўляецца адыход і адмова ад распачатай справы, але тое, да каго пайсці. З гэтага пытання Пятра мы разумеем, што вернасць адносна Бога з’яўляецца справай вернасці адносна асобы, з якой мы звязваем сябе, каб ісці разам па адзіным шляху. Гэта асоба – Езус. Усё, што мы маем у свеце, не задавальняе наш голад бясконцасці. Мы патрабуем Езуса і прабывання з Ім, насычэння пры Яго стале словамі вечнага жыцця! Верыць у Езуса – азначае прызначыць Яму цэнтральнае месца і зрабіць сэнсам нашага жыцця. Хрыстус з’яўляецца не дадатковым элементам, а “хлебам жыцця”, неабходнай ежай. Сувязь з Ім у рэальных адносінах веры і любові мае на ўвазе не абмежаванне клямарамі кайданоў, але быццё глыбока свабодным і пастаяннае знаходжанне на шляху.

Кожны з нас цяпер можа задаць сабе пытанне: “Хто такі Езус для мяне? Ці толькі слова, паняцце, гістарычная постаць? Ці гэта на самой справе асоба, якая любіць мяне, Той, хто аддаў сваё жыццё за мяне і ідзе са мной? Хто такі Езус для цябе? Ці ты прабываеш з Езусам, спрабуючы спазнаць Яго ў Яго слове? Ці чытаеш штодзённа ўрывак Евангелля, каб пазнаць Езуса? Ці носіш малое Евангелле ў кішэні або ў сумцы, каб чытаць яго паўсюль? Бо, чым больш мы з Ім прабываем, тым больш узрастае жаданне быць з Ім. Цяпер я хацеў бы папрасіць вас застацца на некаторы час у цішыні, каб кожны з нас у цішыні свайго сэрца паставіў пытанне: “Кім ёсць Езус для мяне?”. Няхай кожны ў цішыні свайго сэрца адкажа: “Хто для мяне Езус?”.

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам “ісці” заўсёды да Езуса, каб спазнаць свабоду, якую Ён дае нам, і якая дазваляе нам ачысціць наш выбар з асадку мірскога і страхаў”, - сказаў Папа.

На заканчэнне нядзельнай сустрэчы Святы Айцец прывітаў пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым з розных частак свету, асаблівым чынам, семінарыстаў з ЗША, якія прыехалі сюды для вывучэння тэалогіі ў Паўночна-амерыканскім калегіуме.








All the contents on this site are copyrighted ©.