2015-08-22 12:35:00

У Тэзэ адрэагавалі на пасланне Папы


Настаяцель экуменічнай супольнасці ў Тэзэ брат Алоіс падзякаваў Францішку за выказаную публічным чынам памяць аб гадавінах, якія адзначаюцца тут у гэтыя дні. Гаворка ідзе пра 100-ю гадавіну з дня нараджэння брата Ражэ, заснавальніка супольнасці, 10-ю – з моманту яго трагічнай смерці і 75-ю – прыбыцця французскага экуменіста ў Тэзэ. 

20 жніўня 2015 г. пасля вячэрняй малітвы падчас традыцыйнай сустрэчы з больш чым 3 тыс. маладых людзей брат Алоіс зацытаваў словы прывітання да братоў Тэзэ, якое скіраваў Святы Айцец ў мінулую сераду падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Ён заклікаў маліцца за папу Францішка, які дае шмат надзеі для людзей ва ўсім свеце.

Цяперашні настаяцель супольнасці адзначыў, што яго папярэднік – брат Ражэ хацеў, каб яна была малым знакам спакою і прымірэння. Адзін за адным, да яго далучаліся браты, і так адбываецца да сённяшняга дня. Брат Алоіс абвесціў, што 22 жніўня, падчас вячэрняй малітвы некаторыя браты складуць вечныя шлюбы. “Манаскае жыццё з’яўляецца прыкметай таго, што Езус прыйшоў на зямлю, заклаў падмурак новага чалавецтва, дзе закон устанаўліваюць не суперніцтва і гвалт, але спакой Божы”, - сказаў настаяцель экуменічнай супольнасці.

Трэба нагадаць, што ў мінулыя дні Тэзэ наведаў прадстаўнік Святога Пасаду, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох. Ён прывёз з сабой пасланне папы Францішка. У ім Пантыфік адзначыў, што брат Ражэ быў адкрыты да скарбаў традыцыі розных Цэркваў, зыходзячы з крыніц хрысціянства. Ён таксама любіў бедных, тых, хто страціў ўсё, і з якімі не лічацца. Дзякуючы Богу за жыццё заснавальніка, Святы Айцец пажадаў братам супольнасці ў Тэзэ заўсёды даваць яснае сведчанне пра Хрыста Уваскрослага і Яго любоў да ўсіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.