2015-08-21 17:09:00

Якія ўмовы ставіў Ян Павел ІІ для візіту ў Беларусь?


Пасля кананізацыі Яна Паўла ІІ, якая прайшла 27 красавіка 2014 г., варта было б падзяліцца думкамі і разважаннямі пра гэтага Пантыфіка, якога многія беларускія вернікі лічаць па-сапраўднаму сваім. Добра вядома, што Беларусь была адной з нямногіх краін, якую новы святы не паспеў наведаць за 27 гадоў свайго пантыфікату, але, тым не менш, яна заўсёды была яму блізкай. Менавіта Ян Павел ІІ адрадзіў касцёльныя структуры у краіне, прызначыў біскупаў, беатыфікаваў мучанікаў, святароў і законніц, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі падчас ІІ Сусветнай вайны. 

26 лістапада 1994 г. падчас публічнага кансісторыя, калі тагачасны арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Казімір Свёнтэк атрымаў кардынальскую годнасць, Ян Павел ІІ прызнаўся: “Як жа блізкі мне гэты Касцёл, які так шмат у апошнія дзесяцігоддзі выпакутаваў дзеля Хрыстовага Імя! Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтую хвіліну ўсіх святароў і ўсіх свецкіх асобаў, якія за вернае трыванне пры Хрыстовым Евангеллі былі асуджаныя таталітарнымі рэжымамі на вялікія цярпенні, прыніжэнні і пераследаванні. Многія з іх страцілі жыццё ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры, асуджаныя на працу ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог”.

Трэба адзначыць, што кардынал Казімір Свёнтэк і Ян Павел ІІ былі сапраўднымі сябрамі, пра што пурпурат расказаў у адным з інтэрв’ю для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. “Я баюся ўжыць слова “сябры”, таму што некаторыя падумаюць: ён шмат бярэ на сябе, але практычна гэта было так. Усе мае прыезды сюды (у Ватыкан) былі напоўнены сардэчнасцю. І не было ніводнай сустрэчы, каб я не быў запрошаны на сняданак, абед ці вячэру (да Святога Айца). Я не быў абавязаны прытрымлівацца 15-хвіліннага ліміту для аўдыенцый. Яна магла працягвацца паўтары-дзве гадзіны, удвух. Бывалі такія моманты, па-правілах у аўдыенцыі заўсёды прымаў удзел сакратар, знакаміты Дзівіш (кардынал Станіслаў Дзівіш, асабісты сакратар Яна Паўла ІІ) і часам ён сядзеў-сядзеў, слухаў-слухаў, а потым казаў: “Ці я абавязкова вам патрэбны зараз? Я вам не буду перашкаджаць, я пайду”, - дзяліўся ўспамінамі пурпурат.

Трэба адзначыць, што Ян Павел ІІ быў першым Папам, які пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў менавіта па-беларуску. Яшчэ ў далёкім 1989 г., удзяляючы біскупскае пасвячэнне сённяшняму Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, ён коратка прывітаў новага іерарха менавіта на беларускай мове. Нядаўна Мітрапаліт прызнаўся, што захоўвае гэты тэкст. Папа казаў, што перажывае радасныя хвіліны ад таго, што пасля дзесяцігоддзяў у Беларусі будзе біскуп, і жадае Касцёлу ў Беларусі і народу краіны поспехаў і Божага благаслаўлення. 

Ян Павел ІІ віншаваў па-беларуску вернікаў падчас ўрачыстасцяў Божага Нараджэння і Увасрасення Пана, а таксама з іншых нагодаў. Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 6 верасня 1995 г. Ян Павел ІІ прывітаў групу дзяцей з паўднёвых рэгіёнаў Беларусі, якія прыбылі ў Італію на аздараўленне: “Дарагія беларускія дзеткі! Папа Рымскі вас вітае і ўпрошвае Стварыцеля неба, зямлі, вод, кожнай істоты на зямлі, аб літасці для вас і вашых сем’яў, што жывуць у чарнобыльскай зоне, каб вы выраслі здаровыя. Падзякуйма італьянскім вернікам за іхнюю любоў да вас, беларускія дзеці!”, - казаў Папа.

17 кастрычніка 1998 г. Ян Павел ІІ прыняў на аўдыенцыі ў Зале Паўла VI вялікую групу пілігрымаў з Беларусі. Звяртаючыся да іх, ён заклікаў беларускі народ да адзінства і супольнага будавання ўласнай будучыні. “Карыстаючыся нагодай, жадаю таксама павіншаваць тут, з гэтага месца, усіх грамадзян  Беларусі. Я жадаю вашаму Краю ўсяго добрага, а перад усім, паспяховага духоўнага і матэрыяльнага развіцця. Няхай усе жыхары вашай зямлі чуюцца шчаслівымі. Супольна будуйце ваш сённяшні дзень і вашу будучыню”, - казаў Святы Айцец.

Ян Павел ІІ быў знаёмы з гісторыяй Беларусі, яе геаграфіяй і культурнай спадчынай. Як вядома, Пантыфік быў вялікім аматарам паэзіі і літаратуры. І, канешне, меў асаблівую любоў да творчасці Адама Міцкевіча – літаратурная спадчына якога з’яўляецца супольнай для беларусаў, палякаў і літоўцаў. Аднойчы менавіта з Міцкевічам Святы Айцец жартуючы звязаў магчымасць свайго візіту ў Беларусь.

Гэта здарылася ў 2004 г. у размове з кардыналам Казімірам Свёнтэкам, які прыбыў у Рым, каб атрымаць з рук Святога Айца ўзнагароду “Fidei testis” (Сведка веры). Пасля цырымоніі паміж імі адбылася прыватная размова, у ходзе якой кардынал спытаў Пантыфіка пра магчымасць візіту ў нашу краіну. На гэта Папа адказаў, што згодны наведаць Беларусь у бліжэйшы час пры адной ўмове, а менавіта, каб у рамках візіту наведаць мясціны, звязаныя з творчасцю і жыццём Адама Міцкевіча: Завоссе, Навагрудак і, канешне, возера Свіцязь. Пантыфік хацеў на ўласныя вочы пабачыць асяроддзе, у якім паўсталі цудоўныя творы паэта. Кардынал быў здзіўлены гэтым і таксама адказаў жартуючы: “Святы Ойча, калі мы павінны паехаць на Свіцязь, то і я маю адну ўмову: мы абавязкова павінны паплаваць у гэтым возеры”. Папа засмяяўся.

Духоўная блізкасць Яна Паўла ІІ да беларускага народа і культуры была ўзаемнай. Кожны вернік нашай краіны напэўна мае свае асаблівыя цёплыя пачуцці да гэтага Папы. Асабліва яскравым сведчаннем такой любові была прысутнасць вялікай групы беларускіх пілігрымаў у першых шэрагах на цырымоніі кананізацыі Пантыфіка. Няхай падзякай Богу за святасць “нашага Папы” будзе спаўненне яго волі: веруючая моладзь, моцныя сем’і, здароўе,  адзінства і свабода беларускага народа.








All the contents on this site are copyrighted ©.