2015-08-21 11:46:00

Пантыфік не будзе сустракацца з “FARC”


Папа падчас свайго вераснёўскага візіту на Кубу не будзе сустракацца з прадстаўнікамі Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі (FARC), але можа накіраваць назіральніка на перамовы паміж левымі партызанамі і калумбійскімі ўладамі, якія праходзяць у Гаване. Пра магчымасць асабістай сустрэчы Францішка з “FARC” згадвалі раней калумбійскія біскупы, якія размаўлялі з удзельнікамі перамоў, але гэтаму запярэчыў намеснік кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду а. Чыра Бэнэдэціні.

Адначасова з гэтай інфармацыяй старшыня епіскапату Калумбіі, арцыбіскуп Луіс Аўгуста Кастра Кірога, паведаміў, што Францішак гатовы накіраваць назіральнікаў на гэтыя перамовы. Такім чынам ён мог бы паспрыяць усталяванню міра ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне, пры ўмове, што папскі дэлегат будзе прыняты абодвума бакамі: калумбійскім урадам і лідэрамі “FARC”.

Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі прызнаныя ў многіх краінах, у тым ліку і ў Еўрапейскім саюзе, тэрарыстычнай арганізацыяй. Гэтых левага толку партызанаў вінавацяць у гандлі наркотыкамі, эксплуатацыі дзяцей у якасці салдат, тэрарызаванні насельніцтва і выкраданні з мэтай атрымання выкупу. Лічыцца, што з 1960 г. у грамадзянскай вайне ў Калумбіі, развязанай у тым ліку і “FARC”, было забіта каля 100 тыс. чалавек. З 2000 г. у раёнах, кантраляваных паўстанцамі, былі забіты дзесяткі каталіцкіх святароў, 300 пратэстанцкіх пастараў, зачынены 200 каталіцкіх храмаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.