2015-08-20 17:11:00

Што паглядзець беларускаму пілігрыму ў Рыме?


Зусім хутка Рым стане месцам пілігрымавання шматлікіх вернікаў з Беларусі. Праз два месяцы, 27 красавіка 2014 г. тут адбудзецца кананізацыя благаслаўлёных Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ, і ўжо зусім не за гарамі час летняга адпачынку, на працягу якога многія пажадаюць пазнаёміцца са спадчынай Вечнага горада. Рым – гэта сапраўдны горад-музей і, здаецца, кожны камень тут мае сваю цікавую гісторыю. Пра большасць турыстычных аб’ектаў можна знайсці інфармацыю ў адмысловых даведніках, але ёсць сярод іх і тыя, пра якія часам не ведаюць і самыя дасведчаныя гіды. Напрыклад, пра месцы Рыма, звязаныя з Беларуссю і беларусамі. У сённяшняй праграме мы пагаворым пра некаторыя з іх, з надзеяй на тое, што іх наведванне будзе цікавым для пілігрымаў і турыстаў з нашай краіны.

Канешне, у першую чаргу Рым – гэта горад з вялікай хрысціянскай гісторыяй. Тут жылі і былі пахаваны шматлікія Папы і святыя. Адзін з іх блізка звязаны з гісторыяй нашай краіны – св. Язафат Кунцэвіч, архіепіскап Полацкі, які жыў ў XVII ст. і загінуў мучаніцкай смерцю ў Віцебску за сваю дзейнасць на карысць адзінства Касцёла. Св. Язафат пахаваны ў ватыканскай базыліцы св. Пятра, таму наведваючы гэту святыню варта не забыцца памаліцца каля яго рэліквій. У 1963 г. яны былі перанесены ў алтар св. Васілія Вялікага. Каб да яго патрапіць, трэба прайсці ўздоўж правай навы і спытаць дазволу ў супрацоўніка службы парадку. Справа ў тым, што месца спачыну св. Язафата знаходзіцца ў частцы базылікі, прызначанай для споведзі. Але дастаткова сказаць, што вы пілігрымы з Беларусі і хочаце памаліцца каля рэліквій гэтага святога, каб вас прапусцілі.

Іншым цікавым рымскім аб’ектам з’яўляецца базыліка Найсвяцейшага Імя Езуса (Іl Gesu), “паменшанай копіяй” якой часта называюць касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. “Іль-Джэзу” з’яўляецца сапраўдным “пантэонам” Таварыства Езуса. Тут захоўваюцца рэліквіі многіх езуітаў, узнесеных да хвалы алтара. Сярод іх, у капліцы Найсвяцейшай Тройцы, знаходзіцца рэліквія св. Андрэя Баболі, езуіта і місіянера, які ў XVI cт. быў да смерці замучаны казакамі ў Янаве Палескім (сёння п. Іванава ў Брэскай вобласці).

Але гэта яшчэ не ўсё. У правай наве касцёла, перад уваходам у капліцу Найсвяцейшага Сэрца Езуса, увагу пілігрыма з Беларусі можа прыцягнуць знаёмая выява: на мармуровай надмагільнай пліце, размешчанай на падлозе, намаляваны тры паляўнічыя трубы – герб роду Радзівілаў. Каля гербу ёсць надпіс па лацінску, у якім сказана, што тут пахаваны кардынал-прэзбітэр касцёла св. Сікста Юры Радзівіл, біскуп Кракаўскі, князь Алыкскі і Нясвіжскі.
Юры Радзівіл – гэта першы кардынал у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага – нашай старадаўняй дзяржавы.

У Рыме ёсць яшчэ адно месца, звязанае з гісторыяй роду Радзівілаў. На вуліцы Бонкампаньі 22 (Boncompagni, 22), недалёка ад плошчы Рэспублікі, ў цэнтры Вечнага горада, знаходзіцца вялізарны чатырохпавярховы будынак жоўтага колеру, які ім прыналежаў. Радзівілы прадалі яго ў 1930-я гг., а ў 1946 г. у тут  размясціўся дзяржаўны ліцэй імя Аўгуста Рыгі. Палац быў пабудаваны ў ХІХ ст. у стылі італьянскага неакласіцызму. Пра тое, што ён калісьці належаў адной з самых багатых сем’яў Еўропы нічога не кажа, таму, каб знайсці яго, неабходна запомніць адрас.

Уладальніцай палацу была Марыя Роза Радзівіл. Яна паходзіла з роду Браніцкіх і была жонкай князя Юрыя Радзівіла. Яе дом быў месцам творчых сустрэч. Яго наведвалі шматлікія святары, князі, паэты, мастакі і палітыкі. Сярод гасцей князёўны была таксама італьянская каралева Алена Савойская, вядомая дабрачыннай дзейнасцю, за якую з рук папы Пія ХІ атрымала “Залатую ружу” – галоўную каталіцкую ўзгагароду для жанчын. У будынку на вуліцы Бонкампаньі яны разам з Марыяй Розай Радзівіл неаднойчы пілі разам каву.

У Рыме можна прайсціся па вуліцы названай у гонар аўтара “Дзядоў” і “Пана Тадэвуша” – паэта Адама Міцкевіча (не многія беларускія гарады могуць гэтым пахваліцца!). Яна знаходзіцца паміж Народнай і Іспанскай плошчамі, у гістарычным цэнтры Вечнага горада. Сам паэт быў у Рыме двойчы – у 1830 г. і 1848 г. 

Нарэшце, яшчэ адным цікавым аб’ектам, звязаным з гісторыяй нашай краіны, з’яўляецца Ватыканскае радыё – першая замежнай радыёстанцыя, якая пачала трансліраваць свае праграмы па-беларуску і робіць гэта ўжо на працягу амаль 65 гадоў. З гісторыяй Ватыканскага радыё звязаны імёны такіх славутых постацяў як кс. Пётр Татарыновіч і а. Леў Гарошка. У архіве Беларускай рэдакцыі захаваліся іх запісы, кнігі, часопісы, выдадзеныя імі малітоўнікі на беларускай мове.

З 1970 г. Ватыканскае радыё знаходзіцца ў Палацы Піа, недалёка ад базылікі св. Пятра. Каб патрапіць сюды, трэба прайсці ўздоўж вуліцы Канчыліацыёнэ (Conciliazione) у накірунку Замка Анёла і ў канцы яе звярнуць налева. Супрацоўнікі з задавальненнем пазнаёмяць вас са сваёй працай, распавядуць гісторыю радыё і правядуць экскурсію па будынку, у якім яно размяшчаецца. Канешне, неабходна загадзя патэлефанаваць ці папярэдзіць аб сваім візіце праз электронную пошту, каб у калектыва рэдакцыі была магчымасць спланаваць працоўны дзень і прысвяціць неабходную колькасць часу на сустрэчу з землякамі. 

Як бачна, Рым можа быць цікавым і пазнавальным таксама для тых, хто захапляецца айчыннай гісторыяй. Недарэмна кажуць, што тут адбываецца скрыжаванне ўсіх дарог у свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.