2015-08-20 17:09:00

Ці дапамагае ёга ў хрысціянскай медытацыі?


На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у Еўропе шырока распаўсюджваецца захапленне ўсходнімі духоўнымі практыкамі. Прычын для гэтага шмат: многія нашы сучаснікі нанова “выбіраюць” для сябе рэлігію пасля часоў атэістычнага пераследу ці перарванасці рэлігійных традыцый у сям’і, іншыя шукаюць гармоніі і спакою ва ўмовах хуткага жыццёвага рытму і духоўнай пустыні. Ёсць і тыя, якіх прываблівае клопат аб здаровым целе ва ўсходняй духоўнасці, а таксама тыя, хто звяртаецца да яе, шукаючы невядомага, новага і звышнатуральнага. 

Адным з папулярных элементаў усходняй духоўнасці ў Еўропе з’яўляецца ёга. У буйных гарадах адкрываецца ўсё больш і больш цэнтраў па яе вывучэнні і практыкаванні. Папулярнасць ёгі адносіцца таксама і да Беларусі. Каб пераканацца ў дадзеным сцвярджэнні дастаткова проста звярнуцца да інтэрнэт-пашукавікоў.

Сярод некаторых хрысціян існуе перакананне, што канцэнтрацыя ўвагі, якой навучае ёга, дапамагае ў малітве. Акрамя таго, яна робіць дабрэй, спакайней, разважлівей. Чаму ж не сумяшчаць ёгу і веру ў Хрыста?

У дадзеным кантэксце важна ўсведамляць, што ўсе фізічныя практыкі ёгі былі распрацаваны спецыяльна для адпаведнай духоўнай мэты, якая цалкам адрозніваецца ад мэты хрысціянскай медытацыі – уступіць у дыялог з Хрыстом, Богам і Айцом. 

Канешне, нельга казаць, што ўсе метады канцэнтрацыі, характэрныя для ёгі, з’яўляюцца выключна шкоднымі. Яе некаторыя элементы практыкуюцца хрысціянамі з азіяцкіх краін – дзе ёга з’яўляецца часткай культуры. Зусім інакш выглядае сітуацыя з жыхарамі заходняга свету.

Некаторыя хрысціяне, якія практыкавалі калісьці ёгу, сведчылі, што гэты досвед часам дапамагаў ім быць больш спакойнымі і ўважлівымі на малітве. Тут гаворка ідзе пра людзей асабліва падрыхтаваных з тэалагічнага і духоўнага пункту гледжання, псіхічна здаровых і здольных прымаць з метадаў ёгі тое пазітыўнае, што ў іх ёсць, адначасова бачачы небяспекі і перашкоды.

А небяспекі і перашкоды сапраўды існуюць. Напрыклад, пры выкарыстанні метадаў ёгі хрысціянін удзяляе большую увагу ўласнай канцэнтрацыі, а не  дыялогу з Богам. Тэхнікі ёгі становяцца самамэтай і перастаюць быць простым сродкам, які дапамагае зрабіць малітву больш глыбокай. Чалавек канцэнтруецца на самім сабе, на ўласнай асобе, на ўласным целе. Ён пачынае атрымліваць асалоду ад уласных фізічных і ментальных здольнасцяў, ад  выканання практыкаванняў. Такім чынам, дыялог з Богам адыходзіць на другі план.

Такі вернік лічыць, што нібыта паспяховасць у выкананні дадзеных практык адпавядае ўзрастанню ў малітоўным духу, а ўнутраны спакой і глыбокая канцэнтрацыя атаясамліваецца ў яго свядомасці са звышнатуральным асвятленнем, якога хрысціяне дасягаюць у малітве. Такім чынам, чалавек думае, што моліцца лепш, таму што лепш кантралюе ўласныя думкі і пачуцці і менш турбуецца.

Аднак, важна памятаць, што каштоўнасць хрысціянскай малітвы не залежыць ні ад канцэнтрацыі, ні ад увагі, ні ад адсутнасці перашкодаў, але ад веры і любові. Чым большая вера, любоў да Пана і жаданне Бога – тым больш глыбокая і плённая малітва.

Св. Тамаш з Аквіну нават адзначаў, што ў малітве “увага”, канешне, важная, але, адначасова, яна не з’яўляецца неабходнай на працягу ўсёй малітвы. Паводле “Анёльскага доктара”, дастаткова інтэнцыі, з якой асоба звяртаецца да малітвы: “Неабходна сказаць, што моліцца ў духу і праўдзе той, хто пачынае маліцца дзякуючы імпульсу Святога Духа, нават калі потым розум блукае з-за пэўнай слабасці, а не мэтанакіравана”, - пісаў ён.

Іншымі словамі, страта ўвагі не перашкаджае глыбокай малітве, калі не з’яўляецца мэтанакіраванай, калі малітва нараджаецца і падтрымліваецца праз жывую веру і гарачую любоў. Вера і любоў – гэта дары Святога Духа і ніякая тэхніка не дапаможа іх атрымаць у большай меры, нават калі гэтаму ў пэўнай ступені спрыяюць некаторыя чалавечыя ўчынкі.

Іншы аспект, на які неабходна звярнуць увагу, гэта факт, што ва ўсходняй традыцыі тэхнікі медытацыі ёгі з’яўляюцца “неабходнымі” для дасягнення пэўных духоўных мэтаў, што немагчыма без працяглага і пастаяннага выканання тэхнік і практыкаванняў.

У хрысціянстве, аднак, метады і тэхнікі медытацыі і малітвы з’яўляюцца карыснымі і неабходнымі на першым этапе, каб дапамагчы навучыцца  падтрымліваць малітву. Самі па сабе яны не з’яўляюцца абсалютна неабходнымі, таму што Бог можа прамаўляць да хрысціяніна і хрысціянін можа ўвайсці ў кантакт з Богам без дапамогі нейкай асаблівай тэхнікі

У хрысціянстве чым больш умацоўваюцца малітоўны дух і адзінства з Богам, тым больш простымі і глыбокімі становяцца метады і тэхнікі малітвы, або ўвогуле цалкам знікаюць. Малітва губляе характар штучнасці і складанасці, і становіцца любячай увагай і шануючым пакланнем Богу.

Хрысціянская містыка – звышнатуральная, і з’яўляецца дарам Бога. Гэта значыць, што чалавек сам і без ўдзелу Бога не можа выклікаць у сабе Яго дзейнасці ці перашкодзіць ёй. У хрысціянстве няма ніякай тэхнікі, здольнай выклікаць містычнае адзінства з Панам.

У гэтым знаходзіцца галоўная адметнасць паміж хрысціянскімі метадамі малітвы і ўсходнімі медытатыўнымі практыкамі. У ёзе чалавек збаўляецца сам і уласнымі сіламі, а ў хрысціянстве ён збаўлены Богам і Яго ласкай.    








All the contents on this site are copyrighted ©.