2015-08-20 11:05:00

Францішак: Бог дае тое, чаго прагне кожны чалавек


Хрысціяне павінны абудзіць сумленні людзей у час, калі на важныя пытанні прапануюцца частковыя адказы, адзначыў папа Францішак у пасланні, скіраваным за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, да ўдзельнікаў Сустрэчы на карысць сяброўства паміж народамі. Форум праходзіць з 20 жніўня 2015 г. у італьянскім Рыміні. У сваім звароце Святы Айцец заклікаў удзельнікаў мерапрыемства выходзіць насустрач іншым людзям, несучы, з прыгажосцю і прастатой, навіну аб Божай любові.

Сэрцы вернікаў заўсёды павінны быць “неспакойнымі”. Трэба пастаянна шукаць адказы на пытанні “аб значэнні жыцця і смерці, любові, працы, справядлівасці і шчасці”. Сённяшні свет прапануе толькі частковыя адказы на іх. “Ідэалагічная каланізацыя” паслабляе “адчуванне сапраўдных патрэбаў сэрца”, гаворыцца ў пасланні. Святы Айцец перакананы, што тое, чаго па-сапраўднаму прагнуць людзі, дае толькі Бог, у той час, як яны “шукаюць у поспеху, грошах, уладзе, рознага віду наркотыках, задавальненні сваіх імгненных жаданняў”. 

Удзельнікі Сустрэчы на карысць сяброўства паміж народамі і Касцёл могуць супрацоўнічаць не дазваляючы людзям “задавальняцца малым” і адкрываючы ім Езуса Хрыста, знаёмства з Якім адпавядае прагненню па бясконцым, прысутным у сэрцы кожнага чалавека. 

Сустрэча на карысць сяброўства паміж народамі будзе працягвацца да 26 жніўня 2015 г. У яе рамках пройдуць шматлікія канферэнцыі, выставы, канцэрты і дыскусіі на тэму міру паміж рознымі культурамі і рэлігіямі. Святы Пасад на форуме прадстаўляе кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Мерапрыемства праводзіцца штогадова з 1980 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.