2015-08-19 15:07:00

Сужэнства (ІІІ)


Сёння ў нашай праграме мы працягваем гаворку аб нормах права, якія рэгулююць цэлебрацыю сакрамэнту сужэнства і паразважаем над перашкодамі, якія могуць узнікнуць ў нарачоных, якія збіраюцца заключыць сужэнскі саюз.

Наогул, гаворачы аб перашкодах, трэба заўважыць, што існуюць перашкоды публічныя – гэта тыя, аб якіх можа быць даказана ў знешніх межах – напрыклад, вядома, што нарачоны раней прыняў сакрамэнт пасвячэння, або перашкоды могуць таксама быць патаемныя – тыя, аб якіх вядома толькі ва ўнутраных межах. Таксама варта заўважыць, што толькі найвышэйшая касцёльная ўлада мае права ўстанаўліваць перашкоды да сужэнства, і ні ў якім выпадку гэтага не можа рабіць, напрыклад, пробашч парафіі. Звычайна дыспенсу ад перашкодаў можа ўдзяляць ардынарый, але здараюцца больш паважныя сітуацыі, калі дыспенсу ад перашкоды можа ўдзяліць толькі Апостальскі Пасад – аб такіх сітуацыях мы пагаворым трохі пазней. 

Нажаль, здараюцца сітуацыі, калі аб перашкодзе, дыспенсу ад якой можа ўдзяліць толькі Апостальскі Пасад, становіцца вядома вельмі позна – літаральна некалькі дзён або нават некалькі гадзін перад шлюбам, калі да шлюбу ўжо ўсё гатова. Калі адмяніць шлюб, напэўна будзе вялікі скандал. Кодэкс прадугледжвае, што заўсёды, калі аб перашкодзе становіцца вядома тады, калі ўжо ўсё падрыхтавана да шлюбу, і сужэнства не можа без абгрунтаванай асцярогі вялікіх стратаў быць адкладзена да таго часу, пакуль не будзе атрымана дыспенса, удзяліць дыспенсу ад усіх перашкодаў за выключэннем перашкоды, якая вынікае з прыняцця сакрамэнту пасвячэння або вечнага публічнага абяцання чысціні, можа ардынарый месца – у такой сітуацыі дастаткова нават звязацца з ім па тэлефоне ці нейкім іншым спосабам.

Якія ж канкрэтныя перашкоды могуць існаваць для тых, хто збіраецца заключыць сакрамэнт сужэнства? Па-першае, гэта перашкода веку. Мужчына перад заканчэннем шаснаццатага году жыцця і жанчына перад заканчэннем чатырнаццатага году жыцця не могуць уступіць у сапраўднае сужэнства. Гэта мінімальнае патрабаванне веку. Аднак у кожнай краіне Канферэнцыя Біскупаў, улічваючы мясцовыя традыцыі, мае поўнае права ўстанавіць большы ўзрост, які патрабуецца для годнай цэлебрацыі сужэнства. Часцей за ўсё Канферэнцыі Біскупаў у гэтым пытанні прымаюць нормы грамадзянскага права для азначэння мінімальнага веку, калі чалавек можа заключыць сужэнскі саюз.
Наступная перашкода – гэта перашкода імпатэнцыі. Няздольнасць здзяйснення сужэнскага акта, папярэдняя (гэта значыць такая няздольнасць існавала перад заключэннем сужэнства) і пастаянная (гэта значыць, не залежыць ад нейкай сітуацыі, напрыклад, стомленнасці, іншай хваробы ці ад іншых прычын), менавіта такая імпатэнцыя як з боку мужчыны, так і з боку жанчыны, анулюе сужэнства з самой яго натуры. Гэта так званая перашкода з Божага права – ніякая ўлада не можа ўдзяліць дыспенсы ад такой перашкоды, таму што сужэнскі акт з’яўляецца істотным элементам сужэнства, і калі адно з нарачоных няздольны да такога акта, сужэнства не можа заіснаваць. Але імпатэнцыю трэба адрозніць ад бясплоднасці – гэта зусім іншая справа. Бясплоднасць не забараняе сужэнства і не анулюе яго. Можа так здарыцца, што адзін з нарачоных не можа мець дзяцей, але калі другі аб гэтым ведае і згаджаецца на такое сужэнства, то яно можа існаваць. Толькі ў такой сітуацыі не можа быць падману.

Наступная перашкода – гэта перашкода ўжо існуючага сужэнства. Несапраўдна спрабуе заключыць сужэнства той, каго стрымліваюць сувязі мінулага сужэнства, нават недапоўненага. Гэта перашкода таксама з’яўляецца перашкодай з Божага права. Мы ў мінулай перадачы казалі аб тым, што адным з істотных элементаў сужэнства з’яўляецца яго адзінства. Пакуль трывае адно сужэнства (г.зн. пакуль жывыя абодва сужонкі) ніякая ўлада не можа дазволіць на заключэнне новага сужэнскага саюза. Ёсць некалькі выключэнняў з гэтага, але сёння мы пагаворым аб адным з іх, а аб наступных – у ближэйшых перадачах. Адзіная сітуацыя, калі можа быць удзелена дыспенса ад заключанага сакрамэнту – гэта калі сужэнства было недапоўненае, г.зн. адбыўся сакрамэнт сужэнства, але не дайшло да сужэнскага акту – напрыклад, здарылася аварыя, чалавека забралі ў войска і г.д. І ўдзяліць такую дыспенсу можа толькі Святы Айцец. Гэта лёгка даказаць, калі разлука сужонкаў наступіла непасрэдна пасля цэлебрацыі сакрамэнту сужэнства, а калі пазней – гэта справа вельмі цяжкая і таксама вельмі далікатная. Іншыя сітуацыі, калі можна ўдзяліць дыспенсу ад існуючага сужэнства – гэта так званыя прывілей св. Пятра і прывілей св. Паўла, але яны адносяцца да несакрамэнтальных сужэнстваў і аб іх будзем гаварыць пазней.

У наступнай перадачы мы працягнем гаворку аб перашкодах, якія могуць існаваць паміж нарачонымі, а на сёння я з вамі развітваюся. 

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.