2015-08-19 15:22:00

Сужэнства (V)


У мінулых нашых перадачах мы казалі аб перашкодах, якія могуць заіснаваць для цэлебрацыі сакрамэнту сужэнства. Але мы ўжо казалі аб тым, што сужэнства ўтварае сужэнская згода – акт волі, праз які мужчына і жанчына неразрыўным запаветам узаімна аддаюцца адзін аднаму і прымаюць адзін аднаго для заключэння сужэнства. І перашкоды могуць існаваць таксама з гэтага боку, г.зн. здараюцца сітуацыі, калі такая згода не можа быць выказана, або выказваецца не ў поўнай меры. Сёння мы пагаворым аб такіх сітуацыях, і гэтыя сітуацыі часцей за ўсё становяцца ў касцёльных судах прычынамі, па якіх прызнаецца несапраўднасць сужэнства.

Існуюць сітуацыі, калі чалавек няздольны заключыць сужэнства. Калі так здараецца? Першая сітуацыя – калі адсутнічае дастатковае ўжыванне розуму, г.зн. што чалавек не ў поўнай меры ўсвядамляе сабе, што ён робіць. Прычым такая няздольнасць можа быць выклікана не толькі пастаяннай хваробай, але напрыклад, і часовай сітуацыяй – напрыклад, алкагольнае ці наркатычнае ап’яненне. Наступная сітуацыя – няздольнымі заключыць сужэнства з’яўляюцца тыя, хто пакутуюць цяжкім заганам здаровай развагі адносна істотных сужэнскіх правоў і абавязкаў, якія павінны быць узаімна дадзеныя і прынятыя, г.зн. што чалавек не разумее з-за розных прычын тых правоў і абавязкаў, якія вынікаюць з сужэнства. Трэцяя сітуацыя – гэта тыя, хто па прычынах псіхічнай прыроды не могуць прыняць на сябе істотныя абавязкі сужэнства. Г.зн. што чалавек ведае пра правы і абавязкі сужэнства, але з-за пэўных псіхічных прычын не можа іх выканаць. Напрыклад, чалавек добра разумее навуку аб вернасці сужэнства, але не ў стане захаваць вернасць адной жанчыне, такі таксама не можа заключыць сужэнскага саюза.

Наогул, для таго, каб сужэнская згода магла заіснаваць, неабходна, каб нарачоныя па меншай меры ведалі аб тым, што сужэнства з’яўляецца сталым саюзам паміж мужчынам і жанчынай, скіраваным да нараджэння патомства праз нейкае сэксуальнае дзеянне. Лічыцца, што пасля дасягнення адпаведнага ўзросту людзі аб гэтым ведаюць.

Памылка, якая датычыць асобы, чыніць сужэнства несапраўдным. Напрыклад, Іван хацеў ажаніцца з Марыяй, а пасля выяснілася, што гэта не Марыя, а Святлана, а  памылка, якая датычыць якасці асобы, нават якая стала прычынай сужэнскай згоды, не чыніць сужэнства несапраўдным, хіба што гэта якасць з’яўляецца непасрэдным і асноўным аб’ектам імкнення. Напрыклад, Іван хацеў ажаніцца з Марыяй, якая павінна быць дзяўчынай. Калі яна не з’яўляецца дзяўчынай, то ўсё роўна сужэнства сапраўднае, хіба што Іван хацеў жаніцца менавіта на дзяўчыне, і не важна, ці гэта была Марыя ці Валянціна.

Той, хто заключае сужэнства, будучы ўведзены ў зман, здзейснены для дасягнення згоды праз падман адносна пэўнай якасці другога боку, якая па сваёй натуры можа значна перашкодзіць супольнасці ўсяго жыцця, заключае яго несапраўдна. Напрыклад, калі адзін з бакоў не паведаміў другому боку аб тым, што ён не можа мець дзяцей, тады такое сужэнства з’яўляецца несапраўдным. 

Несапраўдным з’яўляецца сужэнства, заключанае гвалтоўна або пад уздзеяннем знешняга моцнага страху, нават ненаўмыснага, калі пры гэтым чалавек, жадаючы пазбавіцца ад страху, вырашае заключыць сужэнства. Нажаль, даволі часта здараюцца сітуацыі, калі сужэнства лічыцца адзіным выйсцем з пэўнай сітуацыі. Напрыклад, дзяўчына чакае дзіця, а не мае шлюбу, можа нават дакладна не ведае, хто з’яўляецца бацькам дзіцяці, але ў яе родзіцца страх, што з дзіцём яна нікому не патрэбная, жыццё страціла сэнс і г.д. і дзяўчына вырашае заключыць сужэнства з амаль першым маладым чалавекам, якога яна сустрэла. Такое сужэнства будзе несапраўдным.

Існуе яшчэ нелькі перашкод да заключэння сужэнства, але мы падрабязна зараз іх не будзем разглядаць. Варта дадаць яшчэ такую інфармацыю, што для сапраўднага заключэння сужэнства неабходна, каб нарачоныя прысутнічалі адначасова асабіста, але Касцёл дазваляе таксама заключаць сужэнства праз прадстаўніка. Для сапраўднага заключэння сужэнства праз прадстаўніка патрабуецца, каб каб існаваў спецыяльны мандат для заключэння сужэнства з пэўнай асобай і каб прадстаўнік быў прызначаны самім давярыцелем і асабіста выконваў сваё даручэнне. Мандат, для таго, каб быў сапраўдным, павінен быць падпісаны самім давярыцелем і, апрача гэтага, пробашчам або ардынарыем месца, дзе выдаецца гэты мандат, або святаром, дэлегаваным адным з іх, або па меншай меры двумя сведкамі; або ён павінен быць складзены як дакумент, сапраўдны па нормах грамадзянскага права. Калі давярыцель не можа пісаць, гэта павінна быць аднатавана ў самім мандаце, пры гэтым патрабуецца яшчэ адзін сведка, які павінен падпісаць дакумент, у супраціўным выпадку мандат з’яўляецца несапраўдным. Калі давярыцель перад тым, як прадстаўнік заключыць сужэнства ад яго імя адкліча свой мандат або страціць розум, то сужэнства з’яўляецца несапраўдным, нават калі прадстаўнік або іншы бок не ведалі аб гэтым. Таксама сужэнства можа быць заключана праз перакладчыка; аднак пробашч не павінен асіставаць пры такім сужэнстве, калі ён не ўпэўнены ў добрасумленнасці перакладчыка. Апісаныя сітуацыі, калі сужэнства заключаецца праз прадстаўніка або праз перакладчыка, сапраўды з’яўляюцца вельмі рэдкамі, але варта ведаць, што такія магчымасці ў Касцёле існуюць. У наступнай нашай перадачы мы пагаворым пра форму, якая павінна быць захавана пры заключэнні сужэнства, а на сёння я з вамі развітваюся. 

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.