2015-08-19 10:52:00

Папа: “разумны горад” часта варожы да дзяцей і пажылых


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 19 жніўня 2015 г. Пантыфік, працягваючы цыкл катэхез пра сям’ю, адзначыў важнасць працы для яе фарміравання. “Пра сур’ёзную і сумленную асобу кажуць: “Гэта рабацяга”. Гэта той, хто ў супольнасці не жыве на плячах у іншых”, заўважыў Папа. Менавіта праца, у тысячы сваіх формаў, пачынаючы ад хатняй, спрыяе супольнаму дабру, дадаў ён. Навучыцца працавітаму стылю жыцця можна, у першую чаргу, у сям’і, праз прыклад  бацькоў, якія працуюць дзеля дабра сям’і і грамадства, сказаў Францішак.

“У Евангеллі Святая Сям’я з Назарэту прадстае ў якасці сям’і працаўнікоў, а самаго Езуса называлі “сынам цесляра” (Мц 13,55) ці нават проста “цесляром” (Мк 6,3). Св. Павел папярэджваў хрысціян: “Хто не хоча працаваць, няхай і не есць” (2Тэс 3,11). Праца і духоўнае жыццё, у хрысціянскім разуменні, не супярэчаць адно аднаму. Важна зразумець гэта! Малітва і праца могуць і павінны знаходзіцца ў гармоніі, як навучаў св. Бэнэдыкт. Недахоп працы шкодзіць таксама і духу, як недахоп малітвы шкодзіць практычнай дзейнасці”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што працоўная дзейнасць выражае годнасць чалавечай асобы – істоты, створанай на вобраз Божы. “Таму, кажуць, што праца – сакральная. Па гэтай прычыне кіраванне занятасцю – гэта вялікая чалавечая і сацыяльная адказнасць, якая не можа быць аддадзена ў рукі вузкага кола людзей ці “скінута” на абагаўлёны “рынак”. Правакаваць страту працоўных месцаў, азначае правакаваць цяжкі сацыяльны ўрон”, - заўважыў Пантыфік.

Праца, як і свята, з’яўляецца часткай задумы Бога Стварыцеля. Людзі адказныя за тое, каб зразумець і прыняць яе да самой глыбіні. Пантыфік нагадаў, што  энцыкліка “Laudato sì’” аб інтэгральнай экалогіі таксама ўтрымлівае гэта пасланне: прыгажосць зямлі і годнасць працы створаны, каб існаваць разам.

“Калі праца адлучаецца ад запавету Бога з мужчынам і жанчынай, калі аддзяляецца ад іх духоўных якасцяў, калі становіцца закладнікам логікі чыстага прыбытку і пагарджае жыццёвымі пачуццямі, атручанасць душы забруджвае ўсё: таксама і паветра, ваду, расліны, ежу... Грамадскае жыццё псуецца і арэал пражывання разбураецца. Наступствы гэтага ўдараюць, у першую чаргу, па самых бедных асобах і сем’ях. Сучасная арганізацыя працы часам дэманструе небяспечную тэндэнцыю разглядання сям’і ў якасці ярма, цяжару, пасіўнасці для працоўнай прадуктыўнасці. Але спытаем: якой прадуктыўнасці? І для каго? Так званы “разумны горад” без сумніваў багаты паслугамі і добра арганізаваны, аднак, напрыклад, часта варожы да дзяцей і пажылых людзей”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, сям’я – гэта важны індыкатар. “Калі арганізацыя працы трымае сям’ю ў закладніках ці нават становіцца ў яе на шляху, тады можам быць упэўнены, што чалавечае грамадства пачало працаваць супраць самога сябе!”, - лічыць ён.

Святы Айцец заклікаў хрысціянскія сем’і несці свету фундаментальныя якасці Божага стварэння: тоеснасць або сувязь мужчыны і жанчыны, нараджэнне дзяцей, працу, якая робіць зямлю ўтульнай, а свет адпаведным для пражывання. “Згуба гэтых фундаментальных рэчаў – вельмі сур’ёзная справа, а ў супольным доме ўжо існуе шмат расколінаў”, - папярэдзіў папа Францішак на заканчэнне катэхезы падчас агульнай аўдыенцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.