2015-08-19 12:33:00

30 гадоў таму Ян Павел ІІ сустрэўся з 80 тыс. мумульман


Роўна 30 гадоў таму – 19 жніўня 1985 г. – многія арабскія газеты, упершыню за доўгі перыяд, пісалі ў пазітыўным ключы аб Каталіцкім Касцёле і Святым Пасадзе. У той дзень Ян Павел II на стадыёне ў Касабланцы сустрэўся з 80 тыс. маладых мусульман. Гэта адбылося падчас яго трэцяй паездкі ў Афрыку. Кароль Марока Хасан настаяў на тым, каб Папа наведаў яго краіну, афіцыйнай рэлігіяй якой з’яўляецца іслам.

Гэта была першая настолькі масавая сустрэча, якую Наступнік св. Пятра правёў з мусульманскім светам. Ян Павел ІІ паказаў ясна свае намеры: без хітрасці, не саромеючыся і не маскіруючы праўды, ён як Біскуп Рыма і той, хто верыць у Бога, прызнаўся перад мусульманскімі вернікамі, што прыйшоў сюды пагаварыць пра Хрыста. “З вялікай прастатой дазвольце мне даць вам маё сведчанне аб тым, у што я веру”, - сказаў тады Святы Айцец. І гэта шчырасць імгненна захапіла велізарную аўдыторыю. Моладзь слухала ўважліва і зачаравана, гучалі апладысменты.

Папа сказаў, што хрысціяне і мусульмане, гэта дзеці Абрагама, яны вераць у таго ж Бога, “адзінага Бога, жывога Бога, Бога, Які стварыў свет і вядзе свае тварэнні да дасканаласці”. У хрысціян і мусульман ёсць шмат агульнага, як у вернікаў і як у людзей. У свеце, усё больш і больш секулярызаваным і атэістычным, яны павінны даваць агульнае сведчанне сваіх духоўных каштоўнасцяў. Ян Павел ІІ нагадаў, што ў гісторыі хрысціяне і мусульмане стаялі на процілеглых баках і гублялі сваю энергію на палеміку і войны. “Бог заклікае нас сёння змяніць нашы старыя звычкі. Мы павінны паважаць адно аднаго. Мы павінны заахвочваць адно аднаго да добрых спраў”, - сказаў ён на стадыёне ў Касабланцы.

У нашыя дні, па прашэсці 30 гадоў, словы Яна Паўла ІІ да 80 тыс. маладых мусульман гучаць з усёй актуальнасцю. Гэтая сустрэча дала пачатак іншаму прачытанню ісламскай гісторыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.