2015-08-18 12:42:00

Кардынал: ААН абыякава адносіцца да мігрантаў



Каля 50 мігрантаў атрымалі прытулак у семінарыі Генуэзскай архідыяцэзіі ў Італіі. Мясцовы Касцёл падрыхтаваў каля 400 месцаў на базе сваіх структур для прыняцця людзей, якія ратуюцца ад насілля і беднасці, што ахапілі Блізкі Усход і Паўночную Афрыку. 17 жніўня 2015 г. з бежанцамі асабіста сустрэўся арцыбіскуп Генуі і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі, кардынал Анджэла Баньяска. 

Сітуацыю людзей, якія шукаюць лепшага жыцця ў Еўропе, пурпурат назваў “сорамам для сумлення ўсяго свету, але таксама і выклікам, на які неабходна адказаць з усёй рашучасцю”. Кардынал падверг рэзкай крытыцы ААН і іншыя міжнародныя структуры, якія маюць палітычную і фінансавую ўладу, але да гэтага часу “не далі сур’ёзнага і рашучага адказу на чалавечую трагедыю”, якой з’яўляецца вымушаная міграцыя.

Міграцыя тысяч людзей “не робіць гонару нашай цывілізацыі, асабліва заходняй”, сцведзіў італьянскі іерарх. Паводле яго слоў, “Захад, праз свае структуры, не толькі еўрапейскага, але і міжнароднага і сусветнага характару, павінен знайсці эфектыўнае рашэнне гэтай вялізарнай трагедыі, дапамагаючы людзям, якія ўцякаюць ад войнаў, насілля, беднасці і шукаюць лепшай будучыні”.

Яшчэ перад крытычным выступленнем кардынала Баньяска ў адрас міжнародных арганізацый, генеральны сакратар епіскапату Італіі, арцыбіскуп Нунцыа Галанціна, рэзка раскрытыкаваў італьянскія ўлады за пасіўнасць у адносінах да мігрантаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.