2015-08-16 15:14:00

Кардынал Дзяржсакратар закончыў візіт у Азію


16 жніўня 2015 г. кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін прыбыў у апошні пункт свайго “азіяцкага” падарожжа – Сінгапур. Да гэтага бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца наведаў Інданэзію і Усходні Тымор. У Сінгапуры пурпурат сустрэўся з мясцовай каталіцкай супольнасцю. 

На працягу амаль 200 гадоў сваёй прысутнасці тут – у чацьвёртым па велічыні фінансавым цэнтры свету – Касцёл паспрыяў прагрэсу і сацыяльнаму развіццю таксама пры падтрымцы кваліфікаваных свецкіх вернікаў, падкрэсліў іерарх. Але праца не скончана, дадаў ён. Пасля 50-ці гадоў незалежнасці, якія краіна адзначае сёлета, Евангелле павінна заззяць як “святло для народу”, сказаў кардынал Паралін.

Актуальнымі выклікамі для мясцовай каталіцкай супольнасці ён назваў крэатыўнае абвяшчэнне Евангелля, увагу да “перыферый”, супрацоўніцтва з усімі людзьмі добрай волі дзеля павышэнні ролі веры і этыкі ў жыцці грамадства. “Перад абліччам агрэсіўнага секулярызма” Касцёл павінен даць “рацыянальнае і цярплівае сведчанне”, бо калі “ідэалогія спрабуе выкрэсліць Бога з грамадства, наступае пакланенне ідалам, а людзі губляюць годнасць і правы”, падкрэсліў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.