2015-08-16 10:45:00

Вялікая цікавасць да ватыканскага павільёну на “EXPO 2015”


Колькасць наведвальнікаў павільёну Святога Пасаду на Сусветнай выставе “EXPO 2015” перавысіла 600 тыс. чалавек. Больш за 100 тыс. асобаў завіталі ў  яго за першыя два тыдні жніўня – месяцу адпачынкаў у Італіі. Паводле інфармацыі Залы Друку Апостальскай Сталіцы, у гэты перыяд гасцямі ватыканскай экспазіцыі штодзённа становяцца каля 10-11 тыс. чалавек. Па ёй праводзяцца экскурсіі на розных мовах, у тым ліку па-кітайску, улічваючы вялікую колькасць наведвальнікаў з гэтай краіны. 

На “EXPO 2015” было прададзена каля 2 тыс. асобнікаў энцыклікі папы Францішка “Laudato si’”, прысвечанай праблемам экалогіі. Вялікай цікавасцю карыстаецца выстаўленая тут карціна Пітэра Паўля Рубенса “Устанаўленне Эўхарыстыі”. 28 ліпеня яна замяніла “Апошнюю Вячэру” Цінтарэта, якая экспаніравалася тут раней. Цікавымі для наведвальнікаў з’яўляюцца інтэрактыўны стол, фотаздымкі і відэаматэрыялы на тэму стварэння.

Выстава “EXPO 2015” праходзіць у Мілане з 1 мая па 31 кастрычніка 2015 г. на тэму: “Накарміць планету. Энергія для жыцця”. Экспазіцыя Святога Пасаду раскрывае чатыры галоўныя тэмы: экалогіі, салідарнасці ў эканоміцы, выхавання і хлеба, як прадукту, які робіць відавочнай прысутнасць Бога ў свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.