2015-08-15 15:16:00

Янка Купала (V)


Сёння мы працягнем гаворку пра творчасць Янкі Купалы, які быў не толькі вялікім паэтам, але і выдатным драматургам. Ён з’яўляецца аўтарам драматычных паэм «Адвечная песня»  і «Сон на кургане», п'есы «Паўлінка», драматычнай паэмы «На папасе», драмы «Раскіданае гняздо», сцэнічнага жарту «Прымакі», п'есы «Тутэйшыя», драматычнага абразка «На Куццю».

Сюжэт напісанай у 1912 годзе камедыі “Паўлінка” класічны: маладая дзяўчына кахае вясковага настаўніка Яўхіма Сароку, які паходзіць з сялянскай сям’і. Аднак бацька хоча аддаць Паўлінку за недалёкага і фанабэрыстага шляхціца пана Адольфа Быкоўскага. У адрозненні ад пастаральных камедый пра каханне “Паўлінка” ня мае шчаслівага завяршэння: нягледзячы на тое, што заручыны Паўлінкі і Адольфа Быкоўскага не адбыліся, замуж за каханага гераіня таксама не выходзіць. Яўхім, які, як аказалася, звязаны з рэвалюцыйным рухам, арыштаваны, і далейшы лёс маладых застаецца невядомым.

У вобразе настаўніка  Яўхіма Сарокі Янка Купала увасабляе беларускага інтэлігента-адраджэнца пачатку ХХ стагоддзя. Ён паходзіць з сялянскай сям’і, здабывае адукацыю і выбіваецца з галечы, аднак не адракаецца сваіх каранёў. Наадварот, ён змагаецца за шчасце свайго народу. Аднак Яўхім не бальшавік, у яго няма “класавай нянавісці”, наадварот, ён кіруецца любоўю да людзей. Так яго апісвае Паўлінка: “Хораша так аб усім расказваў... як трэба жыць, як людзей трэба ўсіх любіць, і шмат, шмат чаго. І любіць жа ён гэтых людзей зусім неяк не так, як мы іх любім. Гэта ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго ўсякай дарэмшчыны нагаварыў і ачарніў, а ён хоць бы што. «Ведама, кажа, чалавек: яму нешта абышло ці не спадабалася, дык і помстуе. У нас, кажа, усё ідзе не так, як трэба. Людзі, кажа, у нас, як звяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад'юджваюць, ненавідзяць адзін другога. Змалку дзён, кажа, прывыкаюць у ненавісці жыць, змалку дзён іх да гэтага вучаць і дома, і за домам. Сляпыя, кажа, усе сляпыя. Адзін над другім не маюць ніякай літасці, хоць усіх душаць зверху ўсялякія пошасці ды злыдні”. Сялянскае паходжанне для Яўхіма – прычына для гонару, бо, як тлумачыць ён Паўлінцы, мужыкамі былі Адам і Ева, Ной і Сам Ісус Хрыстос.

У камедыі “Паўлінка” Купала высмейвае фальшывую рэлігійнасць. Нягледзячы на тое, што дзеючыя асобы ўвесь час вітаюцца “Пахвалёны Езус”, узгадваюць Бога і Дзеву Марыю, іх словы гучаць няшчыра, а ўчынкі – п’янства, карыслівасць – сведчаць пра адсутнасць веры. І наадварот, маладое пакаленне – Паўлінка, Яўхім – нягледзячы на адсутнасць вонкавай рэлігійнасці, паказваюць любоў да бліжняга і сапраўднае каханне. Такімі аўтар хоча бачыць сапраўдных беларусаў – шчырымі, ахвярнымі, адукаванымі, цнатлівымі, патрыятычнымі.
У цэнтры падзеяў напісанай у 1913 годзе драмы “Раскіданае гняздо” трагедыя сялянскай сям’і Зяблікаў. Мясцовы землеўладальнік выганяе іх з уласнай зямлі, разбурае хату. Кожны з Зяблікаў шукае свой шлях выйсця. Галава сям’і Лявон не можа перажыць трагедыю і сканчае жыццё самагубствам. Яго жонка Марыля прапануе змірыцца і пайсці на паклон да пана, які вінаваты ва ўсіх няшчасцях сям’і. Сваю паставу яна падмацоўвае рэлігійнымі матывамі – распаўсюджаным у народзе разуменнем хрысціянства як закліку да пакоры, цярплівасці і бяздзейнасці. “Гэтак ужо Богам устроена на свеце. Нічога не парадзіш,”—кажа старая жанчына. Купала слушна не згаджаецца са стаўленнем сваёй гераіні да жыцця і лічыць, што за шчасцце трэба змагацца.

Па-свойму змагаюцца за шчасцце дзеці Лявона і Марылі. Васямнаццацігадовая Зоська шукае выйсця ў каханні да маладога паніча, які спачатку нібы адказвае ёй ўзаемнасцю, аднак потым кідае дзяўчыну, ад чаго тая траціць розум. Купала паказвае: рамантычныя адносіны – не выйсце з трагедыі, якая напаткала не толькі Зяблікаў, але многіх беларусаў. Брат Зоські, чатырнаццацігадовы Данілка, цягам амаль усяе п’есы майструе скрыпачку, і марыць пра тое, што зменіць свет музыкай.  У выніку ён разам з маці і малодшымі дзецьмі ідзе па свету жабраваць. Мастацтва, якое, на думку многіх сучаснікаў Купалы павінна было б змяніць свет, таксама аказваецца бяссільным перамагчы сацыяльную несправядлівасць.

Старэйшы сын Зяблікаў, Сымон, спачатку спрабуе дабіцца справядлівасці праз суд. Аднак падкупленыя сведкі кажуць няпраўду, і Сымон прайграе. Тады ў п’есе з’яўляецца таямнічы незнаёмы, які кліча Сымона на сход, дзе будзе вырашацца лёс такіх самых абяздоленых, як малады Зяблік. У фінале п’есы Сымон разам з Зоськай накіроўваюцца “на вялікі сход, па Бацькаўшчыну”.  На погляд Янкі Купалы, гэта найлепшае выйсце з трагічнай сітуацыі сям’і. Здавалася б, пастава Сымона згодная з сацыяльным навучаннем Каталіцкай Царквы, якая падтрымлівае дэмакратычную сістэму, калі тая служыць шчасцю чалавека і развіццю яго асобы. Аднак хлопец абірае шлях гвалтоўнай барацьбы – ён спальвае панскую сядзібу – і з гэтым хрысціянін ніякім чынам не можа пагадзіцца. 

Дзеі камедыі “Тутэйшыя” адбываюцца ў Менску ў 1918-1921 гадах, калі ўлада ў горадзе пераходзіць з рук у рукі: ад немцаў да бальшавікоў, потым да палякаў і зноў да бальшавікоў. Адзін з галоўных герояў, дробны чыноўнік Мікіта Зносак лоўка прыстасоўваецца да зменаў улады: працуе то валютчыкам, то чыноўнікам у савецкай, а потым у польскай адміністрацыі. Пры гэтым імкнецца ўсяляк схаваць сваё беларускае і сялянскае паходжанне, нават змяняе прозвішча на Нікітій Зносілов. Купала высмейвае “тутэйшых” – людзей, якія выракліся сваёй бацькаўшчыны, сваіх каранёў.

“Тутэйшым” паэт супрацьпастаўляе свядомага беларуса настаўніка Янку Здольніка. Янка гаворыць пра тое, што беларусы самі павінны вырашаць свой лёс, і ў гэтым іх шлях да шчасця. Аднак Купала сцвярджае: не дастаткова палітычнага вызвалення, беларусы павінны дасягнуць унутранай свабоды. “Мы павінны душу нашу народную выявіць у сваім “я”, у сваёй самабытнасці і смела сягнуць па сваё неад’емнае права самім распараджацца гэтым сваім “я”, – гаворыць Янка Здольнік.
Нягледзячы на тое, што некаторыя героі п’ес Купалы абіраюць непрымальны для хрысціяніна шлях гвалтоўнага змагання за шчасце народа, шмат у чым мы можам пагадзіцца з ідэямі драматычных твораў песняра: чалавеку не дастаткова мець знешнюю свабоду, яна павінна прывесці да ўнутранай перамены. Беларусь павінна стаць краінай адукаваных, маральных, добрых, унутрана свабодных людзей. 

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.