2015-08-15 13:05:00

Папа перад “Анёл Панскі” пра прычыну велічы Марыі


Вера – гэта галоўная прычына велічы і благаслаўлення Панны Марыі, адзначыў папа Францішак 15 жніўня 2015 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. У сваім звароце да вернікаў Пантыфік падкрэсліў, што жыццё не з’яўляецца бессэнсоўным вандраваннем, але пілігрымаваннем, якое мае мэту: дом Бога Айца, які чакае з любоўю. 

“Сёння Касцёл адзначае адно з самых важных святаў, прысвечаных Найсвяцейшай Панне Марыі: урачыстасць яе Унебаўзяцця, – нагадаў Папа. – Напрыканцы свайго зямнога жыцця, Маці Хрыста з душой і целам ўзнялася на Неба, гэта значыць у хвалу вечнага жыцця, у поўнае адзінства з Богам.

Сённяшняя старонка Евангелля (Лк 1, 39-56) прадстаўляе нам Марыю, якая пасля зачацця Езуса, праз дзейнасць Святога Духа, накіравалася да сваёй пажылой сваячкі Альжбеты, якая таксама цудоўным чынам знаходзілася ў  чаканні сына. Падчас гэтай сустрэчы, поўнай Святога Духа, Марыя выказала сваю радасць спевам “Magnificat”, бо цалкам ўсвядоміла значэнне вялікіх справаў, якія рэалізоўваліся ў яе жыцці: з яе дапамогай споўнілася чаканне яе народа. 

Але Евангелле паказвае нам таксама і самую сапраўдную прычыну велічы і благаслаўлення Марыі: гэтай прычынай з’яўляецца вера. Альжбета прывітала яе такімі словамі: “Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам” (Лк 1,45). Вера – гэта сэрца ўсёй гісторыі Марыі; яна ведала – і казала, – што ў гісторыі важаць гвалтоўнасць магутных, высакамернасць багатых, пыха ганарлівых. Тым не менш, Марыя верыла і абвяшчала, што Бог не пакіне ў адзіноце сваіх дзяцей, пакорных і бедных, але дапаможа ім клапатлівай міласэрнасцю, скідваючы магутных з іх тронаў, рассейваючы тых, хто пыхлівы сэрцам. Такая вера нашай Маці, такая вера Марыі!

“Magnificat” дазваляе нам таксама адчуць сэнс споўненага ў выпадку Марыі: калі міласэрнасць Пана – гэта рухавік гісторыі, тады не магла “спазнаць сапсутасці магілы, тая якая нарадзіла Пана жыцця”. Усё гэта не тычыцца толькі Марыі. “Вялікае”, учыненае для яе Усемагутным, глыбока тычыцца нас, кажа аб нашым зямным падарожжы, нагадвае аб мэце, якая нас чакае: доме Айца. 

Наша жыццё, якое бачым праз святло Марыі, узнятай на Неба – гэта не бессэнсоўнае вандраванне, але пілігрымаванне, якое, з усімі сваімі недахопамі і пакутамі, мае надзейную мэту: дом нашага Айца, які нас чакае з любоўю. Цудоўна падумаць пра гэта: наш Айцец нас чакае з любоўю. І Марыя, таксама на вышынях, нас чакае з любоўю!

На працягу жыцця, Бог адкрывае “свайму народу, пілігрыму па зямлі, знак суцяшэння і бяспечнай надзеі”. Гэты знак мае аблічча і імя: ззяючае аблічча Маці Пана, благаслаўлёнае імя Марыі, поўнай ласкі, шчаслівай, бо паверыла слову Пана, вялікай верніцы. Як членам Касцёла, нам наканавана падзяляць хвалу нашай Маці, таму што, дзякуючы Богу, таксама і мы верым у ахвяру Хрыста на крыжы і праз хрост, уключаны ў гэту таямніцу збаўлення.

Сёння ўсе разам памолімся, каб на працягу нашага шляху па гэтай зямлі, яна звяртала да нас свае міласэрныя вочы, асвятляла дарогу, указвала мэту і пасля гэтага выгнання паказала нам Езуса, благаслаўлёны плод свайго ўлоння. Паўторым разам: о міласцівая, о пакорная, о ласкавая Панна Марыя”.

Малітва “Анёл Панскі” ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла на плошчы св. Пятра ўпершыню за апошні 61 год. Менавіта пасля 1954 г. яна заўсёды адбывалася ў іншых месцах, у якіх Пантыфікі праводзілі перыяд летняга адпачынку або прабывалі з апостальскімі візітамі. У гэты дзёнь у 2013 г. папа Францішак быў у Кастэль-Гандольфа, а ў 2014 г. – у Паўднёвай Карэі.








All the contents on this site are copyrighted ©.