2015-08-14 14:30:00

Кардынал: Папа даверыў Год Міласэрнасці Марыі


Кардынал Анджэла Камастры, Папскі вікарый для Дзяржавы Ватыкан, распавёў, што Святы Айцец даверыў Год Міласэрнасці заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі. Пазачарговы Юбілей адкрыецца, згодна з жаданнем папы Францішка, 8 снежня 2015 г., ва ўспамін Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Таямніца, якая ўшаноўваецца ў гэты дзень, стала “першай задумай Бога”, які “жадае, каб усе былі беззаганнымі, чыстымі унутры”.

“Гэтая першапачатковая прыгажосць, якой зараз не хапае па прычыне першароднага граху, пачала аднаўляцца праз Марыю”, - нагадаў ён. Адкрываючы Год Міласэрнасці ў гэту ўрачыстасць, Папа нібыта нам кажа: “Гэта мара Бога і мы ўсе можам зрабіць крок, каб наблізіцца да яе”, - сцвердзіў іерарх. Святы Айцец, на яго думку, заклікае вернікаў дазволіць Панне Марыі весці сябе. “Марыя ўкажа нам шлях міласэрнасці, якім усе мы зможам аднавіць згубленую прыгажосць”, - сказаў кардынал Камастры. 

Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая будзе адзначацца 15 жніўня 2015 г., паводле іерарха, мае асаблівую актуальнасць у наш час, звязаную з пануючым культам цела. “Існуе вялікі культ цела, ідалапаклонства перад целам, але нажаль, адлучанага ад душы. Але цялесная прыгажосць пачынаецца менавіта ад духоўнай!”, - лічыць кардынал. Ён нагадаў, што Панна Марыя прыгожая ўнутры: у сваіх пачуццях, пакоры, шчырасці, поўнай адданасці свайму Сыну. Гэта прыгажосць, пэўным чынам, расквітнела ў яе целе і абумовіла яе ўнебаўзяцце. Папа Францішак, паводле слоў іерарха, жыве гэтай вельмі павучальнай таямніцай.








All the contents on this site are copyrighted ©.