2015-08-13 11:25:00

У ААН расце ўвага да голасу Святога Айца


Да візіту папы Францішка ў сядзібу Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку застаецца крыху больш за адзін месяц. Гэта падзея набывае ўсё большае значэнне па прычыне ўплыву, які на міжнародную супольнасць аказала выданне энцыклікі аб экалогіі “Laudato si’”. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Бернардзіта Ауса адзначыў, што папскі дакумент выклікаў вялікую цікавасць і ў гэтай міжнароднай арганізацыі. 

“Я быў вельмі задаволены, таму што падчас нядаўніх міжурадавых перамоваў адносна Парадку дня ў галіне развіцця пасля 2015 года і Мэтаў устойлівага развіцця многія дэлегацыі цытавалі “Laudato si’”. Магу сказаць, што ў кантэксце ААН, энцыкліка была вельмі добра прынята”, - падкрэсліў дыпламат у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

На думку прадстаўніка Святога Пасаду, сярод краін-членаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый узрастае ўсведамленне важнасці “інтэгральнай эканомікі”, аб якой кажа Папа. Гаворка ідзе пра заклік не прывязвацца да эканамічнага развіцця, заснаванага толькі на валавым унутраным прадукце, але будаваць эканоміку больш уважлівую да бедных і экалогіі. Менавіта такім духам ААН плануе прасякнуць Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, адзначыў ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп Ауса мяркуе, што словы папы Францішка будуць мець уплыў на прыняцце рашэнняў у рамках Канферэнцыі аб клімаце, якая пройдзе ў лістападзе-снежні 2015 г. у Парыжы. 

Паводле дыпламата, аб вялікім чаканні выступлення Святога Айца ў сядзібе ААН у Нью-Ёрку, кажуць тысячы просьбаў прысутнічаць на ім, якія, нажаль не змогуць быць задаволены, па тэхнічных прычынах.








All the contents on this site are copyrighted ©.