2015-08-12 13:48:00

Прадстаўлены лагатып папскага візіту на Кубу


На сайце Міністэрства замежных спраў Кубы, акрамя разгорнутай праграмы падарожжа папы Францішка ў гэту краіну, з’явілася выява лагатыпу апостальскага візіту. У ім аб’яднаны тры элемены: сэрца з зоркай, як на кубінскім дзяржаўным флагу, рука, узнесеная да яго, і крыж. У лагатыпе выкарыстаны чырвоны, жоўты i блакітны колеры. Ён пакліканы адлюстроўваць дэвіз візіту Святога Айца: “Пілігрым Міласэрнасці”.

Францішак здзейсніць падарожжа на Кубу 19-22 верасня 2015 г. Візіт пачнецца з цырымоніі прывітання ў аэрапорцe „José Marti” у Гаване. У нядзелю, 20 верасня ён узначаліць св. Імшу на плошчы Рэвалюцыі ў Гаване. Пасля якой наведае Прэзідэнцкі палац. Святы Айцец прыме ўдзел у Нешпарах са святарамі і семінарыстамі ў архікатэдральным касцёле сталіцы і наведае мясцовы моладзевы цэнтр.

У панядзелак, 21 верасня, самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца у горадзе Ольгін, дзе на плошчы Рэвалюцыі ён узначаліць Эўхарыстыю і благаславіць горад з пагорка Крыжа (Loma de la Cruz). У той жа дзень Францішак адправіцца ў Сант’яга-дэ-Куба, дзе адразу па прылёце вечарам сустрэнецца з кубінскімі біскупамі ў мясцовай духоўнай семінарыі. Дзень Папы скончыцца малітвай у санктуарыі Маці Божай Міласэрнасці дэль-Кобрэ.

У аўторак, 22 верасня, Пантыфіка чакае св. Імша ў тым жа санктуарыі, а таксама сустрэча ў мясцовай катэдры з сем'ямі. Апоўдні ён благаславіць горад і адправіцца ў Вашынгтон, адкуль пачне сваё падарожжа па ЗША.








All the contents on this site are copyrighted ©.