2015-08-12 11:59:00

Вялікі рэзананс экалагічных ініцыятыў Пантыфіка


Увага папы Францішка да праблем навакольнага асяроддзя высока цэніцца палітычнымі і грамадскімі лідэрамі ў многіх краінах свету. Старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” кардынал Пітэр Тарксан распавёў, што вялікая колькасць удзельнікаў канферэнцыі ААН па праблемах клімату, якая прайшла ў Нью-Ёрку напрыканцы чэрвеня, цытавала апошнюю энцыкліку Святога Айца аб экалогіі “Laudato si’”. “Нягледзячы на тое, што тэмай энцыкліка не з’яўляюцца менавіта кліматычныя змены, але Стварэнне і інтэгральная экалогія, удзельнікі форума адзін за адным цытавалі частку, у якой гаворка ідзе пра кліматычныя змены. Такім чынам рэзананс ужо падцвярджаецца”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Кардынал Тарксан прызнаўся, што атрымлівае вялікую колькасць лістоў з падзякамі Святому Айцу за выданне дакумента аб экалогіі. Яны прыходзяць не толькі ад навукоўцаў, але таксама ад кіраўнікоў і членаў урадаў. Пурпурат прывёў прыклад выступлення Прэзідэнта Францыі, Франсуа Аланда, на ліпеньскай парыжскай канферэнцыі аб экалогіі, у якім палітык шырока цытаваў папу Францішка. “Няма сумніваў ва ўплыве, які энцыкліка аказала на розныя ўрады”, - сказаў кардынал.

Старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” звярнуў увагу на тое, што Францішак імкнецца аб’яднасць намаганні ўсіх хрысціян на карысць навакольнага асяроддзя. Ён вырашыў, што Сусветны дзень малітвы аб абароне Стварэння будзе святкавацца ў Каталіцкім Касцёле напачатку верасня, менавіта таму што ў гэты час яго святкуе Праваслаўная Царква. “Замест таго, каб памнажаць святы, ён спрабуе аб’яднаць ужо існуючыя”, - падкрэсліў пурпурат.

Паводле кардынала Тарксана, заклікаючы да “экалагічнага навяртання”, Святы Айцец імкнецца паказаць, што кожны чалавек праз свае маленькія жэсты можа паспрыяць выратаванню Стварэння. 








All the contents on this site are copyrighted ©.