2015-08-10 14:59:00

Янка Лучына


Сёння мы пагаворым пра творчасць беларускага паэта 19 стагоддзя, эсэіста, перакладчыка, мысляра, які вядомы нам пад псеўданімам Янка Лучына. Нарадзіўся Ян (альбо Іван) Люцыянавіч Неслухоўскі (такім было сапраўднае прозвішча паэта) ў Менску ў 1851 годзе ў шляхецкай сям’і. У 1860 годзе Ян быў аддадзены ў прыватны пансіён настаўніка Ціля. Там, у дзевяцігадовым узросьце, засумаваўшы па бацькоўскім доме, ён напісаў свой першы верш. Пасьля паступіў адразу ў трэці клас Менскай класічнай гімназіі.

У жніўні 1870 года будучы паэт паехаў у Санкт-Пецярбург і паступіў спачатку на матэматычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэта, дзе правучыўся толькі адзін год. Увосень 1871 года Янка Лучына паступіў на мэханічнае аддзяленне Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута, які скончыў у 1877 годзе. Атрымаўшы дыплом па спецыяльнасці «інжэнер-тэхнолаг чыгуначнага транспарту», да 1879 года працаваў начальнікам чыгуначных складоў у Тыфлісе.

Як паэт Ян Неслухоўскі дэбютаваў вершам на рускай мове «Не ради славы иль расчёта…», апублікаваным у першым нумары газеты «Минский листок» у 1886 г. Першае выступленне Неслухоўскага ў тым жа 1886 годзе ў польскім друку — публікацыя верша «Раскоша натхнення» ў часопісе «Kłosy» («Калосьсе»). Пазьней друкаваўся ў розных рускіх і польскіх выданнях, збіраў фальклор. На беларускай мове пачаў пісаць у 1887 годзе пад уражаннем ад выступу ў Менску ўкраінскіх артыстаў трупы Міхайлы Старыцкага вершам «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова», які падпісаў псеўданімам Янка Лучына.

Неслухоўскі зьяўляецца аўтарам паэм «Паляўнічыя акварэлькі з Палесься», «Віялета», «Гануся», «Андрэй». У сваёй творчасці спалучаў элементы рэалізму і рамантызму. Яго вершы лічацца адным з першых узораў беларускай філасофскай лірыкі.

У 1889 годзе ў Кракаве брашурай выйшаў публіцыстычны нарыс «З крывавых дзён: эпізод з паўстаньня 1863 году на Меншчыне», напісаны паводле ўспамінаў менчукоў пра паўстанне 1863—1864 гадоў. Нарыс падпісаны крыптонімам «S» і, на думку даследчыкаў, напісаны Янкам Лучынам.

У 1903 годзе ў Санкт-Пецярбургу выйшаў яго зборнік лірыкі на беларускай мове «Вязанка». Дзеля таго, каб абысьці цэнзуру, якая забараняла беларускамоўны друк, зборнік, складзены яшчэ ў 1891 годзе, быў выдадзены Кругам беларускай народнай прасьветы і культуры пад выглядам кнігі на балгарскай мове. Вершы Янкі Лучыны на польскай мове былі пасмяротна апублікаваныя ў 1898 годзе ў Варшаве ў зборніку «Паэзія» («Poezye»).

У вершах Янкі Лучыны мы знаходзім традыцыйныя для беларускай літаратуры 19 стагоддзя тэмы: захапленне хараством прыроды, апяванне свайго кахання, абурэнне сацыяльнай несправядлівасцю, спачуванне беднаму селяніну.

У вершы “Дзве заранкі” паэт апісвае сваё каханне і хараство прыроды, на фоне якога адбываюцца яго сустрэчы з любай дзяўчынай. Паэт піша, што закаханага юнака хвалюе не свет прыроды, а ўсмешка яго нарачонай. Аднак на самой справе аўтар заўважае не толькі прыгажосьць сусвету, але і чуе той гімн, які прырода спявае свайму Творцы:

    Ціша навокал… Спяць у тумане
    Нёман, і гай, і аблога.
    Жаўранкаў хор, урачысты ўранні,
    Павольна плыве да Бога.    

Аднак у свеце, які сузірае паэт, не ўсё добра. Янка Лучына заўважае, што яго век – гэта век пагоні за багаццем і абыякавасці да чужой бяды, век, у які вартасць чалавека мераецца не яго сумленнай працай, а капіталам, які ён мае. Так, пра гэта ён піша ў вершы “Лірнік вясковы”:

    Душы век паразгневаў – ні малітваў, ні спеваў,
        Век рэальнасць шануе.
    Мазалямі здабыты даўні спосаб забыты.
        Капітал скрозь пануе.

    У цяжкія часы, калі людзі знаходзяцца на раздарожжы і ня ведаюць, дзе шукаць праўду, Янка Лучына раіць шукаць яе ў Бога:

    У каторай старонцы
    Шукаць долі праўдзівай?
    Той улева, той ўправа
    Хочуць весці нас радай,
    Трэці надта цікавы,
    Куды пойдем грамадай.
    Ні адзін жа не скажа,
    Куды будзе дарога…
    Што нам братне, што ўража –
    Пытай праўды ў Бога.  

Янка Лучына меў таксама сатырычны талент. У вершы “Што птушкі казалі” гаворка ідзе пра сэнс жыцця. Яго шукаюць два сваты – Піліп Окунь і Янка Бычок, якія позна, нападпітку вяртаюцца дадому. Пра сэнс жыцця яны пытаюцца ў птушак, якія спяваюць у майскую ноч. Адказ салаўя, у якім яны чуюць словы “Дай! Дай!” ім не падабаецца. Больш да спадобы ім песня птушкі драч:   

    “Дзяры!.. бяры! будзеш есці
    І мёд піці збанам,
У худобе і ў чэсці
Хутка станеш панам”

Аднак канчатковы адказ сваты чакаюць ад вароны, і адказ гэты наўрад ці спадабаўся “філосафам”:

Во!.. Ты чуеш? Ужо сказалі,
Сеўшы у крыніцы:
“Кралі!.. кралі!.. кралі!.. кралі!..
Ды й.. на – шыбяніцы!”

Падчас апошняга прыезду ў родны Менск (у канцы 1879 — пачатку 1880 года) на выхадзе з канцэрта Яна Неслухоўскага нечакана разбіў параліч. Пасля падзення паэт мог хадзіць толькі абапіраючыся на мыліцы. Ён не губляў моц духа, наведваў тэатры і нават хадзіў на паляванне. Аднак роздумы пра смерць не давалі паэту супакою. У вершы з вымоўнай назвай “Не хачу памерці” Янка Лучына піша:

Я агонь у сэрцы адчуваю боскі,
У душы, я чую, дзіўны спеў мацнее.
Чуў яго не раз я ў хатах роднай вёскі…
Не хачу памерці перш чым звечарэе.

Аднак страх смерці адступае перад верай у Божую міласэрнасць і любоў:

З вежы касцёла па росах, над смерцю
Звон адплывае ў блакітную даль.
Бог быццам кажа: “Прыходзьце, дзеці,
Прыносьце сюды мне слёзы і жаль”.
Сонечным бляскам з алтара асвечаны,
Ён прасцірае над намі далонь,
Кажа нібы аб прыстанішчы вечным,
Дзе ў смутку і з болем ты схіліш скронь.

Янка Лучына памёр у 1897 годзе і пахаваны ў Менску на Кальварыйскіх могілках. Ён пражыў нядоўгае жыццё, але пакінуў важны ўнёсак у станаўленне беларускай літаратуры, яго вершы заахвочваюць чытача да роздуму над сэнсам жыцця, натхняюць на пошукі праўды.
На гэтым нашая перадача завершаная. Заставайцеся з Богам.

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.