2015-08-10 15:04:00

Янка Купала (I)


Сёння мы пачнем гаворку пра вялікага беларускага паэта, мысляра, хрысціяніна, чалавека з нялёгкім лёсам. Яго імя і творчасць вядомыя кожнаму з нас з дзяцінства. Гэта Янка Купала.

Ян Дамінікавіч Луцэвіч нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка (сучасны Маладзечанскі раён Менскай вобласці). Яго дзень нараджэння прыпадаў на свята Нараджэння Прадвесніка і Хрысціцеля Гасподняга Яна, а таксама ў гэты дзень святкавалася паганскае свята Купала. Бацькі будучага паэта – Дамінік  Ануфрыевіч і Бянігна Іванаўна – належалі  да дробнай збяднелай шляхты і арэндавалі зямлю ў багатых памешчыкаў. Паводле веравызнання яны былі каталікамі, хрост Ян Луцэвіч прымаў у Радашковіцкім касцёле.

Цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і і неабходнасць зарабляць на жыццё перашкаджалі Янку здабыць грунтоўную адукацыю. У 1898 годзе ён скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча. Аднак у 1902 годзе памірае яго бацька, і будучы паэт працуе спачатку на хатняй гаспадарцы, потым – вандроўным настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах, малодшым прыказчыкам у маёнтку Беліца памешчыка Караля Свяцкага ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні, практыкантам і памочнікам вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Менскам, у маёнтку Дольны Сноў Наваградскага павету. Усе гэтыя месцы працы Янка Купала змяніў на працягу шасці год: з 1902 па 1908.

У гэтыя гады цяжкай працы і клопату пра кавалак хлеба пачынаецца творчы шлях Янкі Купалы. Першыя яго творы – сентыментальныя польскамоўныя вершы – былі надрукаваныя ў 1903-1904 гадах у часопісе “Ziarno”. Першы верш на беларускай мове – “Мая доля” – датуецца 15 ліпеня 1904 года. Першым апублікаваным беларускім творам Янкі Купалы стаў верш “Мужык”, які быў надрукаваны ў рускамоўнай газеце газеце “Северо-Западный Край” 15 траўня 1905 года. У беларускамоўным друку паэт упершыню апублікаваў верш “Касцу”, надрукаваны 11 траўня 1907 года ў газеце “Наша ніва”.

Першыя вершы Янкі Купалы распавядаюць пра цяжкую долю мужыка-беларуса, які, нягледзячы на сваю працавітасць і сумленнасць, усё сваё жыццё церпіць голад, нястачу, несправядлівасць. У сваіх вершах паэт не толькі жаліцца на цяжкі лёс беларусаў, але падкрэслівае іх чалавечую годнасць. Для Купалы селянін – не проста гаротнік, пакрыўджаны лёсам, а, у першую чаргу, -- асоба, якая мае асэнсаваць сваю годнасць і змагацца за тое, каб паказаць гэтую годнасць іншым. Так, паэт піша ў вершы “Мужык”:

Але, хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век мой тут вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.

Гэтая думка гучыць і ў вершы “Я мужык-беларус…”:

Я б патрапіў сказаць,
Што і я – чалавек,
Што і мне гараваць
Надаела ўвесь век.

Паэт бачыць два шляхі для асэнсавання ўласнай годнасці і перамогі над цяжкім лёсам, нястачаю і прыгнётам. Першы – гэта шлях асветы:

Эй, каб цёмен не быў,
Чытаць кніжкі умеў, - 
Я б і долю здабыў,
Я б і песенькі пеў!

Другі шлях – шлях збройнай барацьбы:

Толькі ты мусіш, брат,
Уставаць, памагаць
І за долю сваю
Ваяваць, ваяваць!
    Калі стрэльбу ў цябе
    Адабралі тваю,
Ты з застрэшку вазьмі
Касу востру сваю!

Гэтыя словы паходзяць з верша “Што ты спіш?..”, напісанага ў 1906 годзе, гэта значыць падчас першай рускай рэвалюцыі, крывавыя падзеі якой вельмі ўсхвалявалі паэта. У іншым вершы Купала так апісвае крывавыя падзеі восені 1905 года:

Божа наш, Божа, што гэта будзе,
Што гэтак сталі таннымі людзі?
Царскія слугі б’юць іх, страляюць
І сваіх браццяў за сабак маюць.

На пачатку сваёй творчасці Янка Купала задумваецца над сваім пакліканнем як паэта. Ён не ганарыцца тым, што мае такі талент – складаць вершы, наадварот, сціпла сцвярджае: я не паэт:

Я не паэта, о крый мяне Божа!
Ня рвуся я к славе гэткай німала,
Хоць песеньку-думку і высную можа,
Завуся я толькі – Янка Купала.

Для Янкі Купалы доля паэта – гэта служэнне, дадзенае яму лёсам, якое ён прымае з пакорай:

Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсць для народу упадак і хвала,
А беларусы нікога ж ня маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала.

Аднак сваю творчасць Янка Купала прызначае ня кожнаму. Яна – для тых, хто “працуе і стаміліся пад цяжарам” (пар. Мц 11, 28), а не для тых, хто “у жыцці сваім карыстаў даброцямі” (пар. Лк 16, 25):

Я не для вас, паны, о не,
А я для бедных і загнаных,
Я з імі мучуся ўраўне,
Ў адных закут з імі кайданах…
Я не для вас, паны, о не!

У ліпені 1906 года Янка Купала піша свой знакаміты верш “Мая малітва”. Купала ў ім паказвае сябе ня толькі паэтам, але таксама заступнікам за свой народ. Малітвай верш можна назваць сімвалічна, аўтар звяртаецца ў ім не да Бога, а да сілаў прыроды, просячы іх аблегчыць гаротны лёс сялян-беларусаў, не ствараць прыкрасцяў тым, хто і так мае цяжкае жыццё. Аднак нельга сказаць, што гэта паганская малітва, – паэт не абагаўляе прыроду, а звяртаецца да яе як да роўнай:

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.
    Я буду маліцца да яснага сонейка,
    Няшчасных зімой саграваць сірацін,
Прыветна па збожжах гуляючы гонейках,
Часцей заглядаці да цёмных хацін. 
 

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.