2015-08-08 13:42:00

Прызначаны новы асабісты ўрач Пантыфіка


8 жніўня 2015 г. папа Францішак прызначыў сваім асабістым урачом 73-гадовага прафесара Фабрыцыа Сакорсі, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Новапрызначаны асабісты ўрач Пантыфіка з’яўляецца былым кіраўніком аддзялення гепаталогіі рымскай клінікі св. Каміла, а таксама кансультантам Дырэкцыі аховы здароўя і гігіены Дзяржавы Ватыкан.

Прафесар Сакорсі вывучаў медыцыну ў рымскім універсітэце “La Sapienza”. Ён з’яўляецца выдатным спецыялістам ў галіне хворобаў печані і аўтарам каля ста навуковых артыкулаў. Акрамя таго, новы асабісты ўрач Папы, займае пасаду медыцынскага кансультанта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. 

Да нядаўняга часу асабістым урачом Святога Айца быў прафесар Патрыцыа Паліска, які адначасова кіраваў Дырэкцыяй аховы здароўя Дзяржавы Ватыкан. Папа Францішак вырашыў раздзяліць гэтыя дзве пасады паміж рознымі людзьмі. 1 жніўня 2015 г. ён прызначыў новым кіраўніком Дырэкцыі прафесара медыцыны Альфрэда Понтэкорві. У сваю чаргу Патрыцыа Паліска застаўся асабістым урачом папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI і працуе ў Ватыкане, як кардыёлаг.








All the contents on this site are copyrighted ©.