2015-08-07 07:50:00

Прадстаўлены гімн Года Міласэрнасці


Папская рада па новай евангелізацыі прадставіла гімн Юбілейнага Году Міласэрнасці. Ён быў размешчаны на канале падзеі ў “Youtube”. Музычны твор напісаны ў форме літаніі. Яго назвай сталі словы з Евангелля паводле св. Лукі (6,36): “Misericordes sicut Pater” (Міласэрныя, як Айцец), якія адначасова з’яўляюцца дэвізам Юбілею. 

Для стварэння гімна Папская рада па новай евангелізацыі правяла конкурс: прапанова напісаць музыку была накіравана 90 розным кампазітарам. Свае версіі прыслаў толькі 21. З іх была выбрана музыка напісаная англійскім кампазітарам Полам Інвудам – дыяцэзіяльным каардынатарам па справах музыкі і літургіі брытанскай дыяцэзіі Портсмут. Між іншым ён займаецца  папулярызацыяй спеваў экамунічнай супольнасці “Тэзэ”. Аўтарам словаў гімну стаў кс. Эўджэніа Коста – італьянскі езуіт, які працуе ў Генеральнай курыі Таварыства Езуса ў Рыме

Дзякуючы нескладанай мелодыі твору і літанійнаму паўтарэнню словаў, гімн Года Міласэрнасці змогуць з лёгкасцю спяваць не толькі прафесійныя выканаўцы, але таксама і простыя людзі, перакананы яго аўтары. 

“Першая страфа ў ім прысвечана Богу Айцу, другая – Сыну Божаму, трэццяя – Святому Духу, а чацвёртая абагульняе усе гэтыя тэмы. Разам з кампазітарам мы жадаем, каб гэты спеў дапамог у разуменні таямніцы міласэрнасці. Міласэрнасць – фундаментальная справа, вельмі вялікая, якой папа Францішак надае шмат ўвагі”, заўважыў кс. Коста. 

Кампазіцыю выканала Папская Сікстынская капэла, а яе запіс быў здзейснены пры падтрымцы Ватыканскага радыё. “Святы год” прысвечаны Божай Міласэрнасці будзе працягвацца ў Каталіцкім Касцёле з 8 снежня 2015 г. па 20 лістапада 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.