2015-08-06 14:21:00

Папа: Касцёл памятае пра хрысціян, якіх пераследуюць


Касцёл не забываецца пра хрысціян, якіх пераследуюць у Іраку, і просіць міжнародную супольнасць не заставацца інертнай перад абліччам злачынстваў, якія там здзяйсняюцца, адзначыў папа Францішак у лісце да Патрыярхальнага вікарыя для Іарданіі Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма, арцыбіскупа Маруна Лахама. Сваё пасланне Пантыфік прымеркаваў да першай гадавіны прыбыцця ў Іарданію іракскіх бежанцаў, вымушаных шукаць ратунку ад тэрарыстаў “Ісламскай дзяржавы”. 

Сваім лістом Папа пажадаў падтрымаць надзею людзей, якія сталі ахвярамі лютага, бесчалавечнага і невытлумачальнага пераследу, “фанатызма і адстутнасці талерантнасці”. Яны з’яўляюцца сучаснымі мучанікамі, прыніжанымі і дыскрымінаванымі за сваю вернасць Евангеллю, падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак выказаў падзяку супольнасцям, якія прымаюць бежанцаў і сваім братэрскім служэннем асвятляюць “самыя цёмныя моманты існавання”. Ён таксама заклікаў міжнародную грамадскую думку быць больш уважлівай і чулай перад абліччам пераследаў, якім падвяргаюцца хрысціяне і прадстаўнікі іншых рэлігійных меншасцяў. 

У гэтыя дні ў Іарданіі будзе прабываць генеральны сакратар італьянскага епіскапату, арцыбіскуп Нунцыа Галанціна, блізкі да Святога Айца. Падчас свайго візіту ён наведае цэнтры для бежанцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.