2015-08-06 12:28:00

Адток пілігрымаў са Святой Зямлі


 

У першыя пяць месяцаў 2015 г. Святую Зямлю наведалі каля 300 тыс. пілігрымаў, менш, чым у той жа перыяд 2014 г. Калі дакладней, то колькасць знізілася на 18%, паведаміла Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне Ізраіля. Па дадзеных сайта “Terrasanta.net” менш пілігрымаў прыехала з Малайзіі (на 60%), Фінляндыі (на 50%), Харватыі (на 49%), з Расіі (на 30%), Германіі (на 34%) і Італіі (на 45%). 

Пілігрымаў “знеахвочваюць”: канфлікт у суседняй Сірыі, палесціна-ізраільская напружанасць і непераадолены яшчэ эканамічны крызіс.

Трэба нагадаць, што ў гэтай сітуацыі Францішканская кустодыя Святой Зямлі заклікала католікаў не адмаўляцца ад пілігрымак у месцы, звязаныя з жыццём Езуса Хрыста, тым больш, што палестынскія хрысціяне жывуць, галоўным чынам, з абслугоўвання пілігрымаў.

Адначасова нашмат больш стала пілігрымаў з Кітая – на 31% у параўнанні з першымі пяццю месяцамі 2014 г. і на 81% у параўнанні з 2013 г. Таксама павялічылася колькасць пілігрымаў з Індыі (на 2%), Турцыі (на 1%), Кеніі (на 7%), Грузіі (на 13%) і Іарданіі (на 24%). Значна больш стала пілігрымаў і з Беларусі – на 9%.

Цікава, што адзначаецца павелічэнне колькасці пілігрымаў з Егіпта (на 14%), паколькі з 1979 г. існуе афіцыйная забарона на паломніцтва ў Іерусалім, якое выдаў копцкі Папа Шэнуда III пасля падпісання мірнай дамовы паміж Егіптам і Ізраілем. Тым не менш, пасля яго смерці ў 2012 г. копты пачалі ездзіць у Святую Зямлю, і у першыя пяць месяцаў 2015 г. сюды прыбыло 4,5 тыс. вернікаў гэтай канфесіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.