2015-08-05 13:51:00

Пантыфік сустрэўся з міністрантамі і міністранткамі


 

Папа Францішак сустрэўся 4 жніўня 2015 г. вечарам з 10 тыс. удзельнікаў службы алтара з 23 краін Еўропы, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Спатканне, якое прайшло на плошчы св. Пятра, было арганізавана асацыяцыяй “Coetus Internationalis Ministrantium” (Міжнароднай арганізацыяй міністрантаў) пад дэвізам, узятым з кнігі прарока Ісаі, “Вось я, пашлі мяне!” (Іс 6, 8). 

“Чым бліжэй вы да алтара, чым больш вы будзеце памятаць аб дыялогу з Езусам у штодзённай малітве, чым больш вы будзеце насычацца Словам і Целам Пана, тым больш вы будзеце здольнымі пайсці да бліжняга, дорачы яму тое, што атрымалі, даючы яму з энтузіязмам радасць, якой самі былі надзелены”, - сказаў Францішак падчас урачыстых Нешпараў з удзелам міністрантаў і міністрантак, якія прыбылі на міжнародную сустрэчу ў Рыме.

Францішак адзначыў, што блізкасць з Езусам у Эўхарыстыі становіцца магчымасцю адкрыцца на іншых, каб разам ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і знаходзіць сілы для іх дасягнення. Ён спаслаўся на дэвіз сустрэчы і адзначыў, што Бог заўсёды робіць першы крок на шляху да чалавека, бярэ ініцыятыву ў свае рукі, а Яго дзеянню ніколі не перашкаджае чалавечая слабасць. Нават тады, калі мы супраціўляемся дзеянню Бога, Ён заўсёды “дакранаецца да нашых вуснаў агнём міласэрнай любові, і гэта дазволіць нам прыняць Яго і занесці братам”. Бо верай трэба дзяліцца, ніколі не затрымліваць для сябе. Святы Айцец адзначыў, што служба алтара з’яўляецца арэнай выхавання да веры і любові да бліжняга.

Нешпары на плошчы св. Пятра былі цэнтральным пунктам пілігрымкі міністрантаў. Іх папярэдзілі дзве гадзіны малітвы, сведчанняў і спеваў. Усе яны былі арыентаваны на важнасць місіі маладых людзей у грамадстве і Касцёле. Трэба адзначыць, што на плошчы св. Пятра прагучалі два спевы па-беларуску. Іх выканала гродзенская семінарыйная група “Ave”, спецыяльна запрошаная сюды арганізатарамі спаткання.








All the contents on this site are copyrighted ©.