2015-08-04 16:47:00

Францішак Багушэвіч


Сёння мы пагаворым пра творчасць вялікага беларускага паэта, натхняльніка беларускага Адраджэння, рэвалюцыянера, публіцыста, барацьбіта з несправядлівасцю – Францішка Бенядзікта Багушэвіча. Францішак Багушэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны, каля Вільні ў сям'і выхадцаў з дробнай шляхты.

Дзіцячыя гады пісьменніка прайшлі ў асяроддзі блізкім да сялянскага. Пачатковую адукацыю Францішак Багушэвіч атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1861 годзе. Падчас навучання асаблівую цікавасць выказваў да славянскіх моў, матэматыкі і заканадаўства. Не застаўся абыякавым будучы паэт да гісторыі і культуры роднага краю. Пасля сканчэння гімназіі Францішак паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях, вярнуўся на радзіму і працаваў настаўнікам у вёсцы  Доцішкі Лідскага павета (цяпер — Воранаўскі раён). Тут будучы паэт уступіў у мясцовае рэвалюцыйнае таварыства «пянтковічаў».

У паўстанні 1863—1864 гадоў Францішак Багушэвіч браў актыўны ўдзел і быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах. Яго бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі рэвалюцыянерам. Пасля разгрому паўстання, ратуючыся ад рэпрэсій, Францішак вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў на Украіну. У маі 1865 года ён падаў заяву з просьбай аб навучанні ў  Нежынскім юрыдычным ліцэі. Пасля сканчэння ў 1868 годзе вучобы, Багушэвіч працаваў следчым у розных месцах Украіны і нават на поўначы Расіі, у Волагдзе.

У 1883 годзе каранацыя новага імператара Аляксандра III суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на радзіму. Кавалер ордэна Св. Станіслава 3-й ступені, калежскі саветнік, страціў да гэтага часу здароўе, не нажыў капіталу і пад старасць спрабаваў зарабляць прыватнай адвакацкай практыкай. 25 сакавіка 1884 года Багушэвіч вяртаецца ў горад сваёй маладосці — Вільню. Цяпер ужо не адзін, а з жонкай Габрыэляй з дому Шклёнікаў, з якой узяў шлюб у 1874 годзе, дачкой Канстанцыяй (Тунькай) і сынам Тамашом Вільгельмам.

У Вільні Францішак Багушэвіч працаваў у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадская бедната. Пісаў артыкулы ў польскамоўны часопіс “Край”. Менавіта ў віленскі перыяд разгарнулася ягоная літаратурная і публіцыстычная дзейнасць.
Дарункам лёсу была для Францішка Багушэвіча спадчына, атрыманая пасля смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша ў 1896. Паэт здолеў разлічыцца з пазыкамі і адбудаваць нанова занядбаную бацькоўскую сядзібу ў Кушлянах. У 1898 годзе ён кінуў службу ў царскім судзе, дзе да той пары наспеў востры канфлікт з некаторымі калегамі і начальствам, і прысвяціў сябе творчай працы.

У беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч вядомы ў першую чаргу як паэт. Ён з’яўляецца аўтарам двух паэтычных зборнікаў: “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”.

Зборнік “Дудка беларуская” ўбачыў свет у 1891 годзе ў Кракаве, што на той час уваходзіў у склад Аўстра-Венгерскай імперыі, якая вызначалася большай свабодай, чым Расія. Пачынаецца зборнік з “Прадмовы”, словы якой вядомыя кожнаму з нас яшчэ са школьнай парты: “Братцы мілыя, дзеці Зямлі маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыцьтрохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не толькі мы, а ўсе людзі цёмныя “мужыцкай” завуць, а завецца яна “беларускай”.

Надзвычай кранальныя словы Багушэвіча аб роднай мове і патрэбе яе захавання: “Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, як той чалавек перад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе: ото ж гаворка, язык, ёсць адзежа душы”.
Каштоўнасць роднай мовы ў тым, што яна з’яўляецца Божым дарам, дадзеным нашаму народу: “А можа і сапраўды наша мова такая, што ёй нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная…”

У вершах, якія змешчаныя ў зборніку “Дудка беларуская”, Багушэвіч апісвае цяжкую долю беларускага селяніна, сацыяльную несправядлівасць, хцівасць багатых, ілжывасць царскай дзяржаўнай адміністрацыі. Прычына бедаў беларуса – адсутнасць праўды ў дзяржаве. Пра гэта паэт піша ў вершы “Як праўду шукаюць”:

- Як простая праўда згінула ў свеце,
Дык праўды і з свечкай шукаюць.
І золатам маняць, і людзей склікаюць,
І Бога цалуюць, -- а ўсё-такі прэце,
Як камень у воду, так праўда прапала!

У вершы “Праўда” паэт кіруе да Бога сваеасаблівую малітву, каб Ён паслаў на зямлю праўду, якую можа вярнуць людзям толькі Святы Дух:

- Дык пашлі ж Ты, Божа, Праўду сваю тую
З неба на зямельку, слязьмі залітую!
Паслаў Ты Сына, Яго не пазналі,
Мучылі за праўду, сілай паканалі;
Пашлі цяпер Духа, да пашлі без цела,
Каб уся зямелька адну праўду мела.

Гаворку пра творчасць Францішка Багушэвіча мы працягнем праз тыдзень. А сёння я з вамі развітваюся. Шануйце нашую мову – Божы дар, вопратку нашай душы, трымайцеся Праўды!

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.