2015-08-04 15:49:00

Семінарыйны калектыў з Беларусі на плошчы св. Пятра


Музычны гурт “AVE” Вышэйшай дыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Гродне  4 жніўня 2015 г. выступіць на плошчы св. Пятра ў рамках міжнароднай міністранцкай пілігрымкі ў Рым. Выступленне беларускіх музыкантаў-семінарыстаў адбудзецца ў рамках імправізаванага канцэрту, у якім прымуць удзел таксама музычныя калектывы з Венгрыі, Бельгіі, Італіі і Германіі. 

Кульмінацыяй сустрэчы міністрантаў стане малітва Нешпараў з папам Францішкам. Пантыфіку будзе ўручана хустка пілігрыма, а затым ён звернецца да сабраных з прамовай. Чакаецца, што ў форуме прымуць удзел каля 9 тыс. чалавек.

Падзея арганізавана асацыяцыяй “Coetus Internationalis Ministrantium”, якая аб’ядноўвае нацыянальныя і дыяцэзіяльныя структуры, што апякуюцца міністрантамі ў Еўропе. Пілігрымка праходзіць на тэму “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6,8).

Гурт “AVE” быў заснаваны пры Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў 1993 г. Склад калектыву неадночны змяняўся ў сувязі з тым, што семінарысты, пасля перыяду навучання, пакідалі сцены ўстановы. Калектыў выконвае рэлігійныя спевы і выпусціў ужо некалькі музычных альбомаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.