2015-08-04 16:43:00

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (ІІ)


На мінулым тыдні мы пачалі гаворку пра пачынальніка новай беларускай літаратуры, “патрыярха Беларушчыны” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Мы гаварылі пра тое, што Дунін-Марцінкевіч стаў стваральнікам новага літаратурнага жанра – вершаваных апавяданняў. У іх  паэт расказвае пра народныя звычаі, апісвае рамантычныя прыгоды герояў, якія маюць заўсёды шчаслівы канец,  апявае хараство прыроды, услаўляе чалавечыя цноты: шчырасць, працавітасць, пабожнасць, адвагу.

У вершаваным апавяданні “Блаславёная сям’я” гаворка ідзе пра небагатую шляхецкую сям’ю, якая для Дуніна-Марцінкевіча з’яўляецца прыкладам цнатлівага жыцця:

- І жыла ў ім сям’я – прыклад для сем’яніна:
Бацьку сын шанаваў, паважаў бацька сына.
Параямі іх звалі, тых шляхціцаў нашых.
Дэпутатам у Менску сынок, а падчашым
Велічалі старога Марціна з павагай,
Быў рубакам калісь, вылучаўся адвагай.

У паэме аўтар неаднаразова падкрэслівае: пакора перад Богам, пашана Бога – неабходныя цноты для шчаслівага і правільнага жыцця і ў часах старажытных, і ў сучаснасці.

- Пан Марцін ім расказваў увечар бывала,
Аб часах старапольскіх, аб сціпласці, цноце, (…)
Як пакора прад Богам з дзяўчат паслухмяных
Добрых жонак рабіла, пачцівых, адданых…
    Сын – пан Караль – быў бацькам сваім гадаваны
І як шляхціц прыстойна быў адукаваны. (…)
У цнатлівасці ён выхаваны быў строга,
Бацьку ён шанаваў, шанаваў ён і Бога.

У сваіх творах Дунін-Марцінкевіч звяртаецца і да гістарычнае тэматыкі. У вершаваным апавяданні “Люцынка, альбо шведы на Літве” апавядае пра гераічныя падзеі, якія адбываліся на нашай Радзіме ў пачатку 18 стагоддзя. Падчас нападу на Рэч Паспалітую войска шведскага караля Карла ХІІ беларуская шляхта падзялілася. Адныя падтрымалі стаўленіка шведаў Станіслава Ляшчынскага, іншыя ж засталіся верныя тагачаснаму каралю Аўгусту Саксонскаму. Паэт апісвае подзвіг герояў, якія засталіся вернымі Радзіме і прысяге, дадзенай свайму манарху. Дунін-Марцінкевіч захаплецца мужнасцю невялікага атрада воінаў, якія супрацьстаялі вялікаму войску шведаў, апявае іх патрыятызм, які, на думку паэта, з’яўляецца Божым дарам:   

    - Божа наш! Ты шыбнуў на зямлю чалавека,
    І няшчасця бярэма, і шчасця адвеку
    Ты прызначыў яму, выганяючы з раю, --
    Як жа ў смутках душы яго любасць да краю
    Ты уліў? І чаму ён ля роднае нівы
    Адчувае і вольным сябе, і шчаслівым?

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў не толькі паэтам, але  таленавітым акторам і драматургам. У сваім фальварку Люцынка ён арганізаваў тэатральную трупу — першы беларускі тэатр, які ладзіў спектаклі ў 1840—50-я гады. Тэатр наследаваў народныя традыцыі мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам, абуджаў нацыянальную самасвядомасць у гледачоў. Тэатр Дуніна-Марцінкевіча пакінуў прыкметны след у гісторыі беларускага сцэнічнага мастацтва, садзейнічаў яго станаўленню і развіццю. Трупа выступала пераважна ў фальварку Люцынка, але некаторыя спектаклі адбываліся ў Менску, Бабруйску, Глуску. У 1852 дзейнасць калектыву была забаронена ўладамі, але да 1856 года ён паказваў спектаклі нелегальна.

Выступленні тэатра Дуніна-Марцінкевіча прымяркоўваліся да святаў і ўрачыстасцей. У трупу, якая налічвала больш за 20 чалавек,  уваходзілі сам Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў і іншыя. У пастаноўках удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, быў аркестр. Для выступаў пісьменнік спецыяльна пісаў п'есы, большасць з якіх, на жаль, не збераглася. У спектаклях ужываліся руская, беларуская і польская мовы.

Самая знакамітая п’еса Дуніна-Марцінкевіча – “Пінская шляхта”. Гэта гісторыя кахання дзяўчыны Марысі і хлопца Грышкі. Іх бацькі Ціхан Пратасавіцкі ды Іван Цюхай-Ліпскі, прадстаўнікі збяднелай, але вельмі ганарыстай шляхты, пасварыліся, пабіліся і паскардзіліся адзін на аднаго ў суд. Маладыя, здаецца, не маюць шансаў на тое, каб пабрацца шлюбам. Аднак сваю надзею яны ўскладаюць на Бога, і вераць, што Ён можа перамагчы ўсе перашкоды на шляху іх кахання:

- Хоча няшчасная доля
Навек разлучыці, --
А Бог скажа: мая воля
Ім з сабою жыці!
    Не памогуць злы языкі,
    Ні бацькоў старожа, --
    Ён жа такі Пан вялікі,
Што хоча, то зможа!

Для вырашэння судовай справы ў вёску прыязджае станавы прыстаў Кручкоў, “Найяснейшая Карона”, як велічаюць яго героі камедыі. Гэта чалавек хітры, карыслівы, але да маладых ён адчувае сімпатыю. Марыся ўпрошвае Кручкова дапамагчы іх каханню: “Ты ж такі, хоць чалавек судовы, чыноўны, ды, пэўна, верыш у Бога, дык дзеля ласкі Божай ствары ты і нам ласку, зладзь нашае шчасце”.  Станавы прыстаў абяцае вырашыць справу па-хрысціянску, памірыць бацькоў і паспрыяць вяселлю Марысі і Грышкі: “Но, но, мілая, будзь спакойна! Я хоць чалавек, як кажаш, судовы, але ўсё зраблю па-хрысціянску ды яшчэ на тваім вяселлі паскачу…”.

Праўда, словы “па-хрысціянску” судовы чыноўнік разумее своеасабліва: на падставе выдуманых законаў ён спачатку абірае і таго, хто паскардзіўся, і таго, на каго паскардзіліся, і сведкаў, і нават тых, хто не бачыў бойку “за тое, што не бачылі”. Аднак слова, дадзенае маладым, трымае, і п’еса сканчаецца заручынамі Марысі і Грышкі.

Сцэнічнае ўвасабленне"Пінская шляхта" атрымала толькі ў 1917 годзе, пастаноўку ажыццявіла Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ў менскім гарадскім тэатры. А ў 1918 годзе ў газеце "Вольная Беларусь" п'еса была ўпершыню апублікавана.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч адным з першых многія з сваіх твораў напісаў на беларускай мове, якая ў яго час не толькі не мела афіцыйнага статуса, але і не была належным чынам распрацавана як мова мастацкай літаратуры. Літаратуразнавец Вячаслаў Рагойша назваў яго дзейнасць "подзвігам". На гэты подзьвіг паэта натхняла вера ў Творцу, Які стварыў кожнага чалавека, даў яму Бацькаўшчыну, сумленне, паклікаў да жыцця ў цноце і апякуецца лёсам кожнага з нас.

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.