2015-08-04 16:34:00

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч


Сёння мы пагаворым пра пісьменніка, якога называюць пачынальнікам новай беларускай літаратуры, першым прафесійным беларускім літаратарам, таленавітым акторам, адметным драматургам, працавітым перакладчыкам, яркім публіцыстам, актыўным грамадскім дзеячам. Гэта Вінцэнт-Якуб Дунін-Марцінкевіч.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў 1808 годзе ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета ў сям'ішляхціца-арандатара. У 1824 годзе ён скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча. Сваяк Дуніных-Марцынкевічаў, магілёўскі рыма-каталіцкі мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, узяў Вінцэнта ў Пецярбург, дзе падлетак жыў у сярэдзіне 1820-х гадоў. Тут ён атрымліваў адукацыю ў Пецярбургскім універсітэце (па іншых звестках — у Віленскам універсітэте) на медыцынскім факультэце, але не мог прызвычаіцца да анатаміравання і пакінуў вучобу.

З 1827 года юнак распачынае чыноўніцкую кар'еру. Ён працаваў памочнікам каморніка пры Мінскім межавым судзе, служыў перакладчыкам у Мінскай епархіяльнай кансісторыі, быў служачым у Мінскай крымінальнай палаце.

У 1840 годзе сумесна з жонкай Юзэфай Бараноўскай, з якой ажаніўся ў вельмі маладым веку, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч набыў невялікі маёнтак Люцынка у Пяршайскай воласці (каля мястэчка Івянец) Мінскага павета і кінуў дзяржаўную службу. Люцынка стала калыскай яго творчых задум. Тут разгарнулася яго культурна-асветная, літаратурная і тэатральная дзейнасць і прайшлі ўсе наступныя гады жыцця.

Падчас паўстання 1863—64 гадоў Дунін-Марцінкевіч абвінавачваўся ў распаўсюджванні «шкодных для ўрада» ідэй. Паліцыя прыпісвала яму аўтарства антыўрадавых выданняў. Хоць прамы ўдзел Дуніна-Марцінкевіча ў паўстанні не быў даказаны, яго арыштавалі, і з кастрычніка 1864 да снежня 1865 года ён быў зняволены ў мінскую турму, а потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі да самай смерці.

У 1876 годзе Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч спрабаваў адкрыць у Люцынцы нелегальную школку для навакольных дзяцей.
Першыя вядомыя творы Вінцэнта Дуніна-Марцынкевіча напісаныя на польскай мове. Гэта вершы “Малітва на памінальны дзень”, “Дзіця і маці”, “Вясна”. Гэтыя вершы прасякнутыя шчытай верай ў Бога, захапленнем хараством прыроды, усведамленнем чалавечай грэшнасці і Божай міласэрнасці.

О Божа! Бясконцы дабра крыніцы,
Калі Твой люд, што Цябе абражае,
Замест кары з Тваёй жа дзясніцы
Такое багацце мае.

У 50-я гады 19 стагоддзя Дунін-Марцынкевіч піша вершаваныя апавяданні, аповесці і балады, вытрыманыя ў павучальна-дыдактычным духу («Вечарніцы», «Гапон», «Купала»,  «Шчароўскія дажынкі», «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума»). У гэтых творах сплавіліся рамантычная цікавасць да народных звычаяў, традыцый і рэалістычнае імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы народных легенд, казак, паданняў.

У паэме “Гапон” аўтар апісвае трагедыю рэкрутчыны – галоўнага героя паэмы Гапона, адзінага сына ўдавы, забіраюць у рэкруты. Маці не дачакалася вяртання сына з войска. Праўда, паэма мае шчаслівае завяршэнне – пані выганяе эканома маёнтка, які заляцаўся да нарачонай Гапона Кацярынкі і спрычыніўся  да саслання галоўнага героя ў салдаты, Гапон добра служыць і становіцца афіцэрам, потым вяртаецца дадому і бярэ шлюб з Кацярынкай. Шчасліва гісторыя завяршылася дзякуючы малітве Кацярынкі:

    Так раз яна ў садочку,
    Дый у цёмным куточку,
    Горкі слёзы вылівала,
    Сваю долю праклінала.
    Бог пажалеў сіраціну,
    Трэба ж у тую гадзіну
    Пані па саду гуляць
    І бедненькую спаткаць
.

У паэме “Гапон” аўтар ухваляе цноты працавітасці, сціпласці, пабожнасці:

    “Начніце варгі нашы хваліць Панну Сьвенту!
    Начніце апавядаць чэсць ей непаенту”
    Гэтак тонкім галасочкам
    У двары раз вечарочкам
Кацярынка прыпявае:
Яна ў добрай ахвоце
Хваліць Бога пры рабоце,
А пані ёй памагае.

Пабожны просты люд апявае Дунін-Марцінкевіч і ў паэме “Вечарніцы”. Вясковы люд сабраўся да дзеда Ананіі на вячоркі, каб пачаставацца, весела правесці час і паслухаць аповеды-байкі старога. Абавязковая частка вячорак – рэлігійны спеў і малітва:

Хлопцы ж сякеры пабралі,
На ручнік смолі наклалі
Дый у чэсць прошлай нядзелі
Вось яку песьню запелі:
    “Ох, мой Божа! Веру Табе,
    Усю надзею маю ў Табе,
    Усю надзею ў Табе маю,
    Цябе лепш за ўсіх кахаю”.
 

Вера, дабразычлівасць і пабожнасць, на думку аўтара “Вечарніцаў” – якасці, уласцівыя не толькі вясковаму люду,  але і гарадскому. Так герой паэмы апісвае жыхароў Менску:

А людзі, людзі! – дзеткі дарагія!
Не заморскія! Маўляў, не чужыя!
А ўсё свае – веры хрысціянскай,
Шчодры, дабры, натуры не панскай:
Сустрэнься з кім, нізка пакланіся,
“Нех бендзе пахвалёны Езус”, - адзавіся,
Ён, баш, у гору нос не задзірае,
На паклон нізкі паклонам страчае,
“На векі векаў!” – тут жа загамоніць.

У другой частцы “Вечарніц”, якая носіць назву “Стаўроўскія Дзяды”, Дунін-Марцынкевіч апісвае гісторыю дзяўчыны Кацярыны -- сіраты, якая жыве з бацькам і мачыхай. Дзеянні паэмы адбываюцца ў паганскія часы, аднак аўтар нібы прадвяшчае часы надыходу хрысціянства. Падчас вячэры на свята Дзядоў, якая адбываецца ў доме бацькі Кацярыны Данілы, бяседнікам з’яўляюцца Стаўры і Гаўры, сабакі міфічнага крывіцкага князя Боя. Яны прыносяць два падарункі – залаты знак паганскай багіні Лады і жалезны крыжык. Залаты знак забірае родная дачка мачыхі, а Кацярыне дастаецца жалезны крыжык. Але ў выніку, дзякуючы гэтаму знаку князь распазнае ў беднай сіраце сваю нарачоную, Кацярына становіцца яго жонкай і княгіняй.Пра іншыя творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча мы пагаворым праз тыдзень.  

Айцец Андрэй Крот

 

 








All the contents on this site are copyrighted ©.