2015-08-04 16:58:00

Аляксей Шэйн


У гэтай перадачы гаворка пойдзе не пра старажытных пісьменнікаў і не пра класікаў нашай літаратуры. Сёння мы пагаворым пра кнігу, якая ўбачыла  свет сёлета. Гэта раман Аляксея Шэйна “Сем камянёў”.

Раман “Сем камянёў” належыць да жанра, якога амаль няма ў беларускай літаратуры, аднак ён вельмі папулярны ў сучасным свеце. Гэты жанр называецца высокае фэнтэзі. Дзеянні твораў гэтага жанру адбываюцца звычайна ў выдуманым свеце, яны поўняцца маштабнымі падзеямі, бітвамі, барацьбой дабра са злом. Героі твораў высокага фэнтэзі звычайна маюць місію, ад выканання якой залежаць лёсы многіх людзей, а магчыма і ўсяго свету. Класічнымі творамі гэтага жанру з’яўляюцца эпапеі “Уладар пярсцёнкаў” Джона Толкіена і “Хронікі Нарніі” Клайва Льюіса. Варта ўзрадаць, што абодва гэтыя пісьменнікі былі глыбока веруючымі хрысціянамі, і іх вера адлюстравалася ў творах.

Аляксей Шэйн, аўтар рамана “Сем камянёў” – філолаг па адукацыі, займаецца грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Ён вернік адной з пратэстанцкіх Цэркваў. Бацька траіх сыноў. Для сваіх дзяцей ён і пачаў пісаць раман, бо добрай дзіцячай літаратуры на беларускай мове сёння надзвычай мала.

Дзеянні рамана адбываюцца ў выдуманай краіне Эферыі. Галоўны герой, хлопец Ясь, трапляе туды цудоўным чынам – падчас гульні на рэчцы плыт зносіць струмень, ён трапляе ў дзіўны туман, і калі выплывае з тумана - аказваецца на моры, недалёка ад вялікай выспы. Эферыяй кіруе жорсткі уладар Вормар. Ён гвалтам захапіў уладу і трымае жыхароў краіны ў страху і падмане. Па ўсёй краіне Вормар шукае Захоўнікаў – людзей, якім ад продкаў дасталіся сем каштоўных камянёў. Гэтыя камяні, паводле падання, павінны паказаць дарогу да крыніцы жывой вады, якая лечыць усе хваробы і падаўжае жыццё. Ясь знаёміцца з адным з Захоўнікаў і становіцца на бок тых, хто змагаецца з уладаром за свабоду краіны. 

Кніга “Сем камянёў” – не толькі цікавы прыгодніцкі раман. У ёй таксама прысутнічаюць разважанні пра веру, праўду, Творцу. Галоўны герой разам са сваімі сябрамі шукае Жывую ваду, каб, вярнуўшыся дадому, з яе дапамогай вылечыць цяжка хворую сяброўку Мірку. Аднак паступова ён высвятляе, што пошукі вады – гэта не проста шэраг прыгод, цікавых і небяспечных. Гэта шлях пазнання самога сябе, пазнання праўды і Творцы:

“- Праўдаў ня можа быць некалькі. Яна – адна. Ёсць праўда і няпраўда. Ісціна і хлусня. А вось ужо задача чалавека – знайсці гэтую ісціну. Ці, прынамсі, імкнуцца шукаць. І калі мы яе знаходзім, жывём згодна з ёй, толькі тады і можа атрымацца з нашага жыцця нешта добрае…
- Гэта і значыць – “правільна жыць”?
- Так. Гэта значыць любіць іншых людзей. І любіць Творцу. А мы сталі Яго забываць і людзей не шанаваць!
- Творцу? Пра каго вы кажаце?
- Пра таго, хто стварыў Эферыю і ўсё па-за Эферыяй. Усё існае. Увесь гэты прыгожы і складаны свет. Даў нам душу, і надзяліў здольнасццю кахаць, захапляцца красой. Даў магчымасць ствараць разам з Ім.”

Важнае месца ў кнізе займае вобраз вады. Яна сымбалізуе веру чалавека і збаўленне. У краіне, ахопленай страхам і падманам, пачынаюць засыхаць крыніцы, а тая вада, што застаецца, становіцца нясмачнай альбо ўвогуле непрыдатнай да піцця. Ды і сама крыніца Жывой вады, якую ў выніку знаходзіць Ясь, аказваецца засохлай. Аднак на вяршыне гары, дзе павінна быць крыніца, Ясь сустракае дзіўных істот. Адна з іх, якая хаваецца пад выглядам каршуна, абвяшчае, што крыніцу жывой Вады можа знайсці толькі Дастойны, і прыгадвае ўсе правіны Яся. Варта ўзгадаць, што грэцкае слова “д’ябалюс” перакладаецца як “той, хто абвінавачвае”. На дапамогу галоўнаму герою прыходзяць чатыры істоты, выявы якіх са старажытных часоў знаходзіліся на штандары Эферыі – чалавек, леў, вол і арол. Мы іх памятаем па кнізе Адкрыцця святога Яна Багаслова, яны стаяць ля пасада Божага: “І на сярэдзіне пасада і навокал пасада – чатыры жывёліны, поўныя вачэй спераду і ззаду. І першая жывёліна падобная да льва, і другая жывёліна падобная да быка, і трэцяя жывёліна мела твар быццам чалавечы, і чацвёртая жывёліна мела падабенства да арла, які лётае” (Адкр 4, 6-7). А яшчэ яны вядомыя ў царкоўнай традыцыі як сымбалі чатырох Евангелістаў.
Так, Ясь аказваецца недастойным знайсці крыніцу Жывой вады. Аднак напрыканцы прыгоды на гары ён нечакана сустракае хлопчыка ў вопратцы пастуха, які шукае згубленую авечку. Той падказвае яму незвычайнае месца, дзе трэба шукаць ваду:

“Ясь гатовы быў заплакаць. Акрамя патрэсканай, сухой зямлі, ён нічога не бачыў.
- Ты не там шукаеш, - сказаў пастух. Глядзі ўверх.
Ясь падняў вочы. Неба было спакойным. Сінім і бязмежным. Па ім плылі аблокі – быццам вялікія белыя караблі.
Не было цудоўнай музыкі, не ўзнікалі перад вачыма дзівосныя галактыкі, але ў гэты момант Ясь выразна адчуў, што ёсць Той, хто стварыў гэта ўсё. І што гэты Творца моцна яго любіць. Ясь быццам бы акунуўся ў глыбокае сіняе неба, поўнае любові і спакою.”

Прыгоды Яся ў Эферыі адбываюцца цягам сямі дзён – яшчэ адна біблійная аналогія ў кнізе. У апошні, сёмы дзень, распачынаецца рашучая бітва дабра са злом. І вось, калі армія Вормара амаль перамагае Яся і яго сяброў, адбываецца землятрус, праз усу краіну праходзяць трэшчыны, а іх цэнтр знаходзіцца на месцы засохлай крыніцы Жывой вады. Раптоўна гэтыя трэшчыны напаўняюцца вадой, і тое збаўленне, якое ўладар хацеў зрабіць здабыткам толькі абраных альбо прадаваць за вялікія грошы, становіцца даступным усім. Аўтар хоча сказаць: Збаўленне, якое даў нам Творца праз свайго Сына, ня мае абмежаванняў, яно даступнае ўсім, хто прагне.

Ясь пры дапамозе чатырох істот вяртаецца дадому. Ён прывозіць біклажку вады сваёй хворай сяброўцы Мірцы. Але збаўляе не вада, а вера:
“Вада ў мяне з сабой, -- усё яшчэ ў здзіўленні прамовіў ён. Але піць яе не абявязкова. Дастаткова проста паверыць. Разумееш, паверыць у тое, што Ён вельмі моцны і вялікі…- І добры… - скончыла Мірка. – Я ведаю, што можна не піць. Але так хочацца паспрабаваць яе на смак”.

Раман Аляксея Шэйна “Сем камянёў” – захапляльная гісторыя для дарослых і дзяцей. Гісторыя, якая не толькі распавядае пра незвычайныя прыгоды, але таксама вучыць рабіць правільны выбар паміж дабром і злом, шанаваць Творцу, любіць сяброў, трымацца праўды.

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.