2015-08-04 16:50:00

Францішак Багушэвіч


У мінулай перадачы мы пачалі гаворку пра вялікага беларускага паэта, барацьбіта за правы беларускага народу – Францішка Багушэвіча. Прыгадаем, што ён з’яўляецца аўтарам паэтычнага зборніка “Дудка беларуская”, які выйшаў у свет у 1891 годзе ў Кракаве. Багушэвіч падпісаў яго псеўданімам “Мацей Бурачок”.

Многія вершы зборніка з’яўляюцца апісаннем цяжкай долі беларускага селяніна. Пра іх мы гаварылі ў мінулай перадачы. Частка вершаў зборніка прысвечаная высмейванню людскіх заган – хцівасці, пляткарства. Гэтыя вершы падобныя да баек ці паданняў. Іх героі – чэрці, ведзьмы. Дзеянні адбываюцца ў цудоўныя часы – у ноч на святога Яна, ці ў незвычайных месцах, напрыклад, у чысцьцы. Верш “Хцівец і скарб на Святога Яна” апісвае гісторыю небаракі, які прадаў душу д’яблу за магчымасць атрымаць багацце:

    Пры выгане ў вёсцы, ў самой перагонцы,
    Была хата крывенька у адно аконца;
    Ў хатцы адзінокі жыў хцівец лянівы,
Што думаў без працы зрабіцца шчаслівы.
У грошах, ён думаў, усё людское шчасце,
А ён жа павінен гдзесьці скарб напасці!

Канечне ж, з задумы хціўца нічога не выходзіць, чорт падманвае яго, і хцівец не толькі не атрымлівае багацця, а траціць пасля гэтай прыгоды розум. Аўтар робіць выснову – кожны грош павінен быць сумленна заробленым, і, як кажа Святое Пісанне: “Лепш бедны, што ходзіць у чыстасардэчнасці сваёй, чым той, хто крывіць вусны і той, хто неразумны” (Прыповесці 19, 1):

Цяпер не то дзесяць,  трох не пераліча,
Не хціўцам, а дурнем кожны яго кліча.
Вот хцівасць на грошы давяла да згубы:
Няма ў свеце лепей, як свой грошык любы.
А то, як каторы чалавек харошы,
У добрым здароўі век жыве бяз грошы!

У вершы “Гдзе чорт не можа, там бабу пашле”, паэт высьмейвае пляткарства. Чорт вырашыў пасварыць мужа з жонкай, якія жылі ў ладзе і любові. Самому нячысціку гэта не ўдавалася, таму ён папрасіў аб дапамозе бабу, якая акурат прыйшла ў тую вёску. Баба падманам і ліслівасцю пасварыла сужонкаў, за што атрымала абяцаную чортам узнагароду – пару чаравікаў. Аднак пасля гэтага здарэння сам нячысцік пачаў баяцца бабы:    

    Здзівіўся чорт, што баба так зрабіла,
    Узяў яго прад бабай ляк,
    Ціжэмкі бабіны наткнуў на вілы,
Здалёка даў, баяўся так,
Каб баба і яму жыцця не струла,
Не нарабіла ў пекле штук,
Не набрахала там, што чула,
Або што ён – яе байструк.

У вершы “Быў у чысцы!” Багушэвіч апісвае падарожжа галоўнага героя ў чысцец. Паэт, які спачуваў беднаму люду, верыў у справядлівасць для простых мужыкоў пасля смерці:

З мужыкоў тут не надта каб шмат,
А ўсё больш дык багатых паноў.
На зямлі адцярпеўшы, наш брат
На той свет, як па масле, пайшоў.
А панам дык і трудна цярпець
Без прывычкі, дык стогнуць, аж страх!

Канец 19-га стагоддзя на Беларусі – гэта час не толькі сацыяльнага, але і рэлігійнага прыгнёту. Каталіцкая Царква пастаянна адчувала ціск з боку царскіх уладаў, якія імкнуліся рознымі спосабамі (у тым ліку падманам, подкупам і сілай) схіліць каталікоў да прыняцця праваслаўя. Гэтыя трагічныя падзеі знайшлі адлюстраванне і ў творчасці Францішка Багушэвіча. Верш “Хрэсьбіны Мацюка” расказвае пра простага селяніна Мацея, якому спачатку казакі “даводзілі”, якой веры ён павінен быць, потым “сам князь Хаванскі” схіляў да прыняцця “веры цара”:

Князь у палетах, васолы такі!
“Эх, - кажа, - рыбяты! - вы дуракі,
Што ў рускай зямлі ды каталікі!
Ну, цар вас прымае у сваю веру;
Дасць зямлі многа!.. Вы на паперу
Тут падпішыце, а поп пасвенце, -
Будзе ўсё добра, усюды пашэнце.
Ну, братцы, вып’ем па чарцэ усе;
Бацюшка крыж і крапідла нясе!”

Ні ліслівасць князя, ні яго пагрозы не схіляюць Мацея да здрады Каталіцкай Царкве. У выніку Мацея лупцуюць розгамі, але яго словы гучаць як вызнанне хрысціянскага мучаніка з першых стагоддзяў:

І б’юць – не баліць, хоць за сэрца бярэ:
За што ж ён мне гэта да скуры дзярэ?
Як крыкну гэта: “Эй, біце ж мацней,
Мацнейшы ад веры вашай Мацей!”

Нажаль, рэлігійны пераслед з боку царскіх уладаў прывёў да іншай трагедыі: каталікі-беларусы, каб захаваць вернасць Царкве, вымушаныя былі прызнаваць сябе палякамі:

Я кажу гэтак: “Калі ж ужо так,
Што васпан б’ешся без дай прычыны,
То, мусіць, і праўда, што я і паляк
І буду паляк я ад гэтай гадзіны!..”

Аб рэлігійным прыгнёце гаворыць Францішак Багушэвіч і ў другім сваім зборніку – “Смык беларускі”. Гэты зборнік быў выдадзены ў Познані, на тэрыторыі Германіі, у 1894 годзе. Яго Багушэвіч падпісаў псеўданімам Шымон Рэўка з-пад Барысава.

У вершы “Свая зямля” Багушэвіч апісвае рэлігійнае жыццё ў вёсцы Сялявічы, якая знаходзіцца каля Слоніма. Яе жыхары – былыя ўніяты, гвалтам пераведзеныя ў праваслаўе. Асэсар і святар мусяць гвалтам зганяць іх у царкву на службу, але непакорныя сяляне ўцякалі ў нядзелі і святы ў лясы, каб там маліцца і ня ўдзельнічаць у службах у царкве, да якой іх загналі прымусам.

А там у пушчы гдзе-кольвек збяруцца,
Чытаюць малітвы і плачуць шчэра;
Скончаць маліцца і разыдуцца,
Вось і ўся была тут іх вера.
Самі сябе хрысцілі з вады,
Жаніліся так, што без шлюбу…
І многа, многа было з тым бяды,
І многа людзям што на згубу!

Апошнія гады свайго жыцця Францішак Багушэвіч пражыў у фальварку Кушляны на Смаргоншчыне. Памёр паэт 28 красавіка 1900 года, пахаваны ў мястэчку Жупраны, сённяшні Ашмянскі раён. Своеасаблівым запаветам і вызнаннем веры паэта можна лічыць верш “Ахвяра”:

Маліся ж, бабулька, да Бога,
Каб я панам ніколі ня быў: 
    Не жадаў каб ніколі чужога,
    Сваё дзела як трэба рабіў.
Каб прад меншым я носу не драў,
А прад большым не корчыў спіны,
Каб грэх свой прад сабой я пазнаў,
У другіх каб не відзеў віны;…
Каб я Бога свайго не акпіў,
Каб не здрадзіў за грошы свой люд
Каб свайго я дабра не прапіў
І нізашто ня меў чужы труд…

Творчасць Францішка Багушэвіча стала штуршком да абуджэння беларускай свядомасці ў шматлікіх яго паслядоўнікаў. Паэт Адам Гурыновіч так пісаў пра Багушэвіча:    

Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы збудзіў ты надзею,
Што між братоў нашых знаходзяцца людзі
З кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй.
Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы.

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.