2015-08-03 14:56:00

Калумбійскія паўстанцы хочуць сустрэчы з Папам


Паўстанцы з Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі (ФАРК) хацелі б сустрэцца з папам Францішкам падчас яго візіту на Кубу 19-22 верасня 2015 г. З 2012 г. прадстаўнікі гэтай марксісцкай узброенай групы працягваюць у Гаване мірныя перамовы з калумбійскімі ўладамі.

Кіраўнік перамоў з боку ФАРК Іван Маркес паведаміў журналістам у сталіцы Кубы, што на дадзены момант гэта ўсяго толькі жаданне сустрэцца з Папам, пакуль яшчэ не было зроблена ніякіх крокаў у гэтым напрамку. “Мы можам толькі ўявіць сабе ўздзеянне, якое будзе мець падтрымка Францішка для калектыўных намаганняў усіх калумбійцаў па дасягненні прымірэння пасля столькіх дзесяцігоддзяў барацьбы”, - сказаў Маркес.

Канфлікт у Калумбіі працягваецца ўжо паўстагоддзя. Яго смяротнымі ахвярамі сталі каля 220 тыс. чалавек, яшчэ 6 млн. былі вымушаны пакінуць свае дамы. 20 ліпеня 2015 г. ФАРК абвясціла аб спыненні агню ў аднабаковым парадку, на што ўрад адказаў спыненнем бамбаванняў лагераў паўстанцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.