2015-08-01 12:23:00

У Кітаі ўдзеляць біскупскую сакру са згоды Папы


На 4 жніўня 2015 г. запланавана біскупская сакра 44-гадовага кс. Ёзэфа Чжанг Йінліна на пастыра дыяцэзіі Аньянг у правінцыі Хэнань у цэнтральна-усходнім Кітаі. Гэта будзе першы такога роду абрад за апошнія тры гады, а таксама падчас цяперашняга пантыфікату і ад часу, калі Святы Пасад і Кітай аднавілі ў чэрвені 2014 г. дыялог. Біскупскае пасвячэнне, ухваленае Апостальскай Сталіцай, першапачаткова было запланавана на 29 ліпеня, але дыяцэзіяльныя ўлады вырашылі перанесці яго на 4 жніўня, калі Касцёл узгадвае ў літургіі св. Яна Марыю Віянэя, апекуна святароў.

“Мы запрасілі розных біскупаў, але пакуль не можам пацвердзіць, хто прыедзе і хто будзе старшынстваваць на ўрачыстасці”, - сказаў у інтэрв’ю азіяцкаму агенцтву “UCANews” біскуп-намінант.

Апошняя біскупская сакра ў Кітаі была ўдзелена 7 ліпеня 2012 г. у Шанхаі. Яе атрымаў кс. Тадэус Ма Даквін, прызначаны дапаможным біскупам гэтай архідыяцэзіі. Ён быў членам Патрыятычнай асацыяцыі кітайскіх католікаў – арганізацыі, якая цалкам кантралюецца Камуністычнай партыяй і дзяржаўнымі ўладамі. Але, ужо як біскуп, ён абвесціў, што выходзіць са складу Асацыяцыі, пасля чаго быў неадкладна змешчаны пад хатні арышт у семінарыі ў Шэшан недалёка ад Шанхая і да гэтага часу там знаходзіцца. Яго біскупскую годнасць, сапраўдную з пункту гледжання Кананічнага права Касцёла, кіраўніцтва Асацыяцыі анулявала.

Прысутнасць на біскупскім пасвячэнні іерархаў, кансэкраваных некананічна, г.зн. без зацвярджэння Апостальскай Сталіцай, з’яўляецца адным з спосабаў кіравання Касцёлам з боку кітайскіх камуністаў. 

Пры ўдзяленні біскупскай сакры павінны прысутнічаць тры іншых біскупы, пасвечаных сапраўдна. Але ў выпадку Кітая, дзе здзяйсняецца дзяржаўны кантроль усяго грамадскага жыцця, у тым ліку і касцёльнага, для прызнання сакры сапраўднай, трэба, каб сярод тых, хто ўзначальвае абрад, прысутнічаў прынамсі адзін біскуп, які сам атрымаў пасвяэнне з дазволу Святога Пасаду, застаецца ў пастаяннай лучнасці з Папам і здзяйсняе гэта пасвячэнне з яго ведама і згоды.

Кс. Чжанг быў абраны біскупам яшчэ 28 красавіка, а яго сакра была ўзгоднена з Апостальскай Сталіцай. У Кітаі большасць мясцовага епіскапату была прызначана Патрыятычнай асацыяцыі кітайскіх католікаў, якая зацвярджае кандыдатаў на біскупства. Але многія з іх атрымалі перад пасвячэннем зацвярджэнне Папы. Большасць біскупаў-членаў Асацыяцыі падтрымліваюць ватыканскія рашэнні, а тыя, хто не згодны з імі, паказваюць сваю незадаволенасць у асноўным шляхам адмовы ад удзелу ў сакры.

На біскупскае пасвячэнне яшчэ чакае кс. Космас Джы Чэнгві з дыяцэзіі Чжумадз’янь у правінцыі Хэнань, таксама прызначаны ў красавіку 2015 г. Дата ўрачыстасці пакуль не вядома.








All the contents on this site are copyrighted ©.