2015-08-01 10:08:00

Новы рэктар: зрабіць пінскую семінарыю больш адкрытай


Прымаць кандыдатаў да святарства ў Пінскую семінарыю сёлета будзе новы рэктар. Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка прызначыў новым кіраўніком Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага кс. Андрэя Рылку. Ён зменіць на гэтай пасадзе кс. Яна Саламона. Новы рэктар – малады святар, магістр тэалогіі і філасофіі, дырэктар Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах і даўні выкладчык семінарыі. Сваё прызначэнне на пасаду рэктара кс. Андрэй пракаментаваў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

“У першую чаргу, гэта вялікі гонар – даверана такая адказная пасада і місія: апекавацца нашымі клерыкамі. Тым больш, семінарыя міждыяцэзіяльная. Вядома, што спачатку спадарожнічае нейкі непакой – наколькі ўдасца паслужыць развіццю гэтай духоўнай установы? Але ўся надзея на Божую дапамогу, на Божую ласку. Спадзяюся, што Дух Святы будзе спрыяць гэтай справе”, - адзначыў новы рэктар.

Што тычыцца планаў – спачатку кс. Андрэй хоча агледзецца, каб працягнуць і падтрымаць тое найлепшае, што было дасягнута ў семінарыі. І працаваць на далейшае развіццё.

“Перш за ўсё, гэта будзе праца над тым, каб дапамагчы маладым людзям, якія задумваюцца над сваім святарскім пакліканнем, каб яны больш знаёміліся з семінарыяй, каб не баяліся прыходзіць. Працуючы з моладдзю, бачым, што ёсць вельмі шмат маладых людзей, якія задумваюцца над тым, каб прыйсці ў семінарыю, але адначасова ў іх ёсць шмат нейкіх непакояў, страхаў. Таму адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай працы – больш адкрыта паказваць семінарыю”, - плануе кс. Андрэй.

У прыватнасці гаворка ідзе аб рэкалекцыях і розных сустрэчах у семінарыі, якія пачалі ладзіць яшчэ пры мінулым рэктары. Духоўныя практыкаванні для хлопцаў узростам ад 15 гадоў прайшлі як раз на днях – з 29 па 31 ліпеня 2015 г.

“Гэта спатканні для маладых людзей, зацікаўленых святарствам. Будзем працаваць для маладых людзей, якія плануюць прыйсці ў семінарыю, задумваюцца над святарствам. Каб яны мелі магчымасць прыехаць, пабыць, паглядзець, што тут і як, паразмаўляць са святарамі і семінарыстамі”, - дадаў новы рэктар.

У цяперашніх рэкалекцыях удзельнічалі каля 30 маладых людзей – тых, што задумваюцца над святарствам. Некаторыя з іх плануюць паступленне ў семінарыю ўжо ў будучым годзе. А пакуль дакументы на паступленне падалі ўсяго некалькі асобаў. Колькі чалавек будзе прынята на першы курс, стане вядома ў панядзелак 3 жніўня пасля ўступных іспытаў, якія праходзяць як раз у гэтыя дні. Дарэчы, у другую беларускую семінарыю – гродзенскую – у гэтым годзе паступілі шэсць кандыдатаў да святарства.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.