2015-07-31 15:41:00

Італія: у Касцёле расце колькасць кансэкраваных удоў


У Італіі расце колькасць кансэкраваных удоў. У цяперашні час у мясцовым Касцёле налічваецца каля 200 жанчын, якія пасля страты мужа адмовіліся ад паўторнага шлюбу і вырашылі аддаць сваё жыццё Хрысту. Яны прысвячаюць сябе ціхаму і пакорліваму служэнню ў Касцёле і ў сваіх сем’ях. Стан кансэкраваных удоў ужо існаваў у першыя вякі хрысціянства, але пазней знік. Для аднаўлення гэтай раннехрысціянскай практыкі заахвоціў у 1994 г. Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі “Vita consecrata”.

У Італіі найбольш – 100 кансэкраваных удоў – жыве на Сіцыліі, і яшчэ 80 там праходзіць падрыхтоўку і фармацыю. Менавіта ў сіцылійскім Палерма ў 1996 г. кардынал Сальваторэ Папаларда першым зацвердзіў статут “Ordo Viduarum”. Падчас абраду кансэкрацыі біскуп благаслаўляе пярсцёнкі ўдоў, якія з таго часу становяцца сімвалам адносін з Хрыстом. Біскуп таксама ўручае ім крыжы і брэвіярыі. Іерархія і духавенства ўсё больш і больш звяртаюць увагу на значэнне прысутнасці кансэкраваных удоў і той карысці, якую яны могуць прынесці парафіі.

Пасля II Ватыканскага Сабору Каталіцкі Касцёл аднавіў іншую старажытную традыцыю – кансэкраваных дзеў, жанчын, якія добраахвотна абавязаліся жыць у пастаяннай чысціні. Дарэчы, адной з прадстаўніц гэтага стану была св. Кацярына Сіенская – апякунка Еўропы.








All the contents on this site are copyrighted ©.