2015-07-31 17:16:00

Ян Баршчэўскі


У мінулых перадачах мы гаварылі пра творчасць беларускіх пісьменнікаў 16-18 стагоддзяў. Сёння звернемся да больш блізкіх да нас часоў – 19 стагоддзя – і пагаворым пра аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры – Яна Баршчэўскага.

Ян Баршчэўскі нарадзіўся каля 1794 года ў фальварку Мурагі Полацкага павету Віцебскай губерні (сённяшні Рассонскі раён Віцебскай вобласці), у сям’і грэка-каталіцкага святара. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме, дзе набыў вядомасць чытальніка і вершапісца, выступаў з уласнымі арацыямі і вершамі, а ў 1809 напісаў паэму ў класічным стылі «Пояс Венеры», якая не захавалася да нашых часоў. Студэнцкія канікулы часцей за ўсё праводзіў у падарожжах па наваколлях возера Нешчарда. Збіраў беларускі фальклор, апісваў курганы і гарадзішчы.
Дзякуючы сваёй схільнасці да паэтычных экспромтаў быў жаданым госцем на сямейных урачыстасцях вясковай шляхты. Таксама займаўся жывапісам — маляваў пейзажы і карыкатуры, якія карысталіся папулярнасцю сярод мясцовых жыхароў. Першыя вядомыя вершы, напісаныя па-беларуску — «Дзеванька» (прысвечаны каханай дзяўчыне) і «Бунт хлопаў».

Ян Баршчэўскі скончыў Полацкі калегіум (у 1812 годзе ён быў ператвораны ў акадэмію) прыблізна ў 1816 годзе. Пасля гэтага працаваў настаўнікам і гувернёрам у розных месцах на малой радзіме, падарожнічаў па Беларусі, збіраў фальклёр.

Потым з’ехаў у  Санкт-Пецярбург, дзе выкладаў грэцкую і лацінскую мовы ў дзяржаўных установах і сам вывучаў старажытную літаратуру. Выконваючы даручэньні марскога ведамства, Ян Баршчэўскі пабываў у Францыі, Вялікай Брытаніі і Фінляндыі, падарожнічаў па Полаччыне і Мсьціслаўшчыне. У Пецярбурґу ён пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам, якія высока ацанілі паэтычныя спробы маладога пісьменьніка і натхнілі яго да прафесійнай творчасці.

У 1844—1846 гады Ян Баршчэўскі выдаў свой галоўны і найбольш вядомы сёння твор — празаічны зборнік «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях». Зборнік складаўся з чатырох тамоў і быў напісаны на польскай мове пад відавочным уплывам беларускага фальклёру. Ян Баршчэўскі выкарыстаў сюжэты казак і легенд «дзікага паўночнага боку Беларусі», апаэтызаваў родныя мясьціны, у тым ліку «велізарнае возера Нешчарда, накшалт затокі», каля якога знахадзілася вёска Мурагі, дзе прайшло ягонае дзяцінства.

Галоўны герой кнігі – сам аўтар, малады адукаваны чалавек, які прыязджае пагасціць да свайго дзядзькі, шляхціча Завальні. Шляхціч мае свой дом на беразе возера Нешчарда, і вельмі любіць слухаць розныя апавяданні, казкі і байкі: “Ён таксама меў прыроджаную душу паэта і хоць сам не пісаў ні прозай, ні вершам, але кожнае апавяданне пра разбойнікаў, герояў, пра чары і цуды надзвычай яго займала, і кодную ноч ён засынаў, не іначай як слухаючы чарадзейныя гісторыі”.

Шляхціч Завальня ахвотна прымаў, гасцінна частаваў іх з адзінай умовай – каб распавялі яму новую гісторыю. Асабліва шмат падарожных было ў маёнтку Завальні ўзімку, калі па лёдзе Нешчарды ішоў гандлёвы шлях у Рыгу. Для заблукалых вандроўнікаў у вакне свайго дому гаспадар штовечар выстаўляў свечку: “Пан Завальня меў звычай рабіць гэта ў кожную завейную ноч ужо таму, што жыла ў ягоным хрысціянскім сэрцы любоў да бліжняга, і рады быў заўсёды гасцям, каб з імі пагаварыць і паслухаць іхнія гісторыі”.

“Шляхціц Завальня…” – гэта зборнік чароўных гісторый пра чарнакніжнікаў, ведзьмакоў, цмокаў, ваўкалакаў, духаў і іншых казачных істот. Яны напоўненыя магіяй, незвычайнымі прыгодамі, чараўніцтвам. 

Чараўніцтва для Яна Баршчэўскага – гэта толькі перажытак мінулых паганскіх часоў. “Беларусь, як і іншыя народы, памятае яшчэ сваіх міфалагічных бажкоў”.  Аўтар паказвае, што магія, аднак, адступае перад моцай веры, малітвы, царкоўных абрадаў і таінстваў. Маці падгаворвае сваю дачку Агапку, муж якой, Карп, звязаўся з нячыстаю сілаю: “Хутка збяром з поля, тады пойдзем разам да Прачыстай Маці Сірацінскае. Падгаворвай і яго, каб ішоў з намі і там спавядаўся. Бог злітуецца”. Калі ж у доме Карпа пачынаюць рабіцца незвычайныя рэчы, клічуць ксяндза, каб той пасвяціў хату. “Але вось і ксёндз у святарскім уборы прыехаў. Учыніў ён святы абрад і, калі са свянцонай вадой хацеў наблізіцца да сцен, -- у вокаімгненне увесь дом ахапіла полымя, і хутка пабудова рухнула”.

Фантастычныя апавяданні ў кнізе Яна Баршчэўскага чаргуюцца з яго роздумамі пра жыццё, успамінамі, вершамі, у якіх мы бачым аўтара глыбока веруючым чалавекам. Так, Баршчэўскі апісвае сваё вяртанне ў горад юнацтва – Полацак: “Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя; тут магілы, дзе спачывае прах цноталюбівых манахаў езуіцкага ордэна, свецкай моладзі і старых, з якімі я некалі быў знаёмы і сябраваў; невыказнае пачуцце навеяў на мяне гэты малюнак; душа пазірала на іх, як на анёлаў, што ляцяць на неба; старанна прачытаў я малітвы і доўга стаяў задуменны, гледзячы на гэтае святое месца”.
  

Галоўны герой зборніка “Шляхціц Завальня…” закаханы ў прыроду родных мясцін. У харастве прыроды ён бычыць дзеянне Божага провіду, Яго ласкі і мудрасці.  У змешчаным у зборніку вершы пад назвай “Бог”, чытаем:

    Божа! Колькі падзякі Табе ў прыродзе!
    Загадаеш, і краскай вясна нас вітае,
    Загадаеш, як слотная восень прыходзіць
    І у вырай вандроўнае птаства злятае.

Ян Баршчэўскі памёр ад сухотаў у мястэчку Чуднаў на Ўкраіне ў 1851 годзе.

“Шляхціц Завальня,  альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях” – глыбока хрысціянскі твор. У ім мы бачым, наколькі у першай палове 19 стагоддзя верай было прасякнутае жыццё беларусаў: і сялян, і шляхты. Вера ў Хрыста з’яўлялася важным складнікам жыцця і для самога Яна Баршчэўскага – вучонага, інтэлігента, пісьменніка.

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.