2015-07-31 17:25:00

Філаматы


У мінулай перадачы мы гаварылі пра важны ўнёсак у станаўленне сучаснай беларускай літаратуры, які зрабілі пісьменнікі, аб’яднаныя ў таварыства філаматаў. Гэтае таварыства паўстала пры Віленскім універсітэце ў 1817 годзе. Мы ўзгадалі пра паэта Адама Міцкевіча - самага знакамітага філамата, творчасць якога моцна звязаная з Беларуссю. Сёння пагаворым пра наступных пісьменнікаў-філаматаў: Яна Чачота і Ігната Дамейку.

Ян Чачот нарадзіўся ў 1796 годзе ў вёсцы Малюшычы Навагарадскага павету (сучасны Карэліцкі раён). Яшчэ падчас навучання  ў Навагарадскай дамініканскай школе пасябраваў з Адамам Міцкевічам, потым яны разам вучыліся ў Віленскім універсітэце.
Ян Чачот пісаў свае творы па-беларуску і па-польску. Многія яго вершы і балады заснаваныя на беларускім фальклоры (“Свіцязь”, “Бекеш”, “Калдычаўскі шчупак”, “Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні” і іншыя). У 1837-46 гадах Чачот выдаў 6 зборнікаў беларускага фальклору пад назвай “Сялянскія песні”, у якія увайшлі больш за тысячу беларускіх песень у арыгінале і польскім перакладзе, а таксама прыказкі і прымаўкі. Ян Чачот з’яўляецца таксама аўтарам вялікага цыкла песень-балад пад назвай “Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года”, прысвечаных гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ад заснавання да смерці вялікага князя Ягайлы.

У таварыстве філаматаў Яна Чачота любілі ўсе. Ён удзельнічаў ва ўсіх пачынаннях філаматаў, асабліва важная была яго роля ў наладжванні розных сходак і ўрачыстасцяў, для якіх пісаў цэлыя вершаваныя сцэнары і сам на іх выступаў з вершамі. Гэтыя яго творы поўныя жыццярадаснасці, вяселля, гарэзлівасці:

Гэй жа, Муза, з бочкі віннай
Лепш вылазь у наш гурток!
Мы дарма цябе сябрынай
Дзесь шукалі між аблок!

Аднак у творах Чачота бачым мы і заклік да жыцця ў цноце і цвярозасці. 

Гэй вы, хлопцы
Гэй, малойцы,
    Час за справу брацца –
    Досыць з Бахам знацца!
Гэй вы, хлопцы,
Гэй, малойцы!
    Будзе той каханы,
    Лаўрамі ўвянчаны,
Хто працуе ў поце,
Дбаючы аб цноце,
    Каб вярнуць, браты,
    Век нам залаты!

Ян Чачота піша пра прыроду, пра сяброў, пра гісторыю свайго краю. У шэрагу яго твораў можна заўважыць матывы, якія дазваляюць казаць пра Яна Чачота як пра шчырага хрысціяніна, на жыццё і творчасць якога вера аказвала ўплыў.

У першай палове 19 стагоддзя ў Беларусі квітнела яшчэ прыгоннае права. Вышэйшыя класы грамадства працягвалі глядзець на народ як на сваю рабочую сілу, што забяспечвала ім дабрабыт, пагарджалі запрыгоненымі сялянамі, іх культурай. Ян Чачот бачыў і разумеў несправядлівасць такога стаўлення. Вызваліцца ад амбіцый шляхецкага асяроддзя яму дапамагло не толькі веданне еўрапейскай культуры і яе тэндэнцый, пра што пішуць даследчыкі, але ў першую чаргу вера ў Творцу, які стварыў усіх людзей роўнымі.

А сёння хай знаюць вяльможныя людзі,
Хто працай узнёс іх у свеце.
Уклаў Бог адны нам пачуцці ў грудзі,
Мы ўсе – адной мацеры дзеці.

Паэзія Яна Чачота – гэта апяванне роднага краю, яго гісторыі, людзей, якіх Бог стварыў роўнымі і прызначыў для жыцця ў цноце і шчасці.
Яшчэ адзін з філаматаў, які заслугоўвае нашай увагі – Ігнат Дамейка. Так, як Міцкевіч і Чачот, ён нарадзіўся на Наваградчыне. Дамейка ўзгадваецца ў паэме Адама Міцкевіча “Дзяды” пад іменем Жэгота.

Пасля ўдзелу ў паўстанні 1830-31 гадоў Дамейка мусіў пакінуць Радзіму, спачатку жыў у Парыжы  і скончыў там Горную школу. У 1838 годзе па кантракце выехаў у Чылі. Там наш зямляк займаўся выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю: вывучаў мінералогію, геалогію, этнаграфію. Дамейка падрыхтаваў праект арганізацыі школьнага навучання ў Чылі, увёў у гэтай краіне метрычную сістэму, пісаў падручнікі па фізіцы і мінералогіі. З 1867 па 1883 год Ігнат Дамейка быў рэктарам Чылійскага універсітэта. У 1884 годзе вучоны атрымаў нарэшце магчымасць вярнуцца на Радзіму і наведаць родныя мясціны. Памёр і пахаваны Ігнат Дамейка ў Сянцьяга. У Чылі ён абвешчаны нацыянальным героям.

Ігнат Дамейка пакінуў пасля сябе шмат навуковых прац, а таксама мемуары пад назвай “Мае падарожжы”. Гэты твор напісаны па-польску. Для нас, беларусаў, асбліва цікавы том, у якім Дамейка апісвае сваё падарожжа на бацькаўшчыну у 1884 годзе. У ім мы даведваемся не толькі аб прыгодах, якія зазнаў аўтар падчас свайго падарожжа, але і пра падзеі рэлігійнага жыцця Беларусі, якія, разам з усёй нашай Радзімай, перажывала сям’я Дамейкі і яго родныя мясціны:

“Вось і касцёльчык, дзе я ў дзесяць год прыняў першае прычасце, дзе з часоў самага ранняга майго маленства абходзілі кожную нядзельную імшу, сьпявалі малітоўныя песьні, “гадзінкі”, кантычкі, Кожнае касцёльнае свята спраўлялі тут вельмі прыгожы, ўрачыста і весела. Але 20 гадоў назад, калі сялянам-уніятам Мядзьведкі было навязана праваслаўе, касцёльчык замкнулі. У 1836 (ці 37) годзе ў ім быў пахаваны Адам. Брат мой Казімір, які забраў яго маёнтак сабе, меў яшчэ пры касцельчыку ксяндза, ці то рымскага, ці уніяцкага, а пасля буры 1863 года, баючыся, каб яму не прышылі схізмы, пад выглядам, што касцельчык стары, заняпалы, трымаў яго замкнёным. Але поп з Міра, да парафіі якога адносіцца гэты касцельчык, забраў ключ і адваёўвае цяпер на яго права”.

Высока цаніў Ігнат Дамейка патрыятызм: і ў сваім народзе, і ў чужых. Патрыятызм для яго – гэта пашана да Айчыны, якая з’яўляецца Божым дарам. Чылійцаў наш зямляк шануе, бо: “Бог даў ім сілы для абароны ад гвалтаўнікоў, багатую прыгожую Айчыну і добрыя для пілігрыма сэрцы”.

Пісьменнікі, якія належалі да таварыства філаматаў, зрабілі значны ўнёсак у беларускую літаратуру. Яны апявалі нашую Бацькаўшчыну – хараство яе прыроды, багацце фальклёру, гераічныя падзеі гісторыі. У іх творах знаходзім мы і хрысціянскія матывы: любоў да дадзенай Богам Бацькаўшчыны, пашану да кожнага чалавека, створанага Богам, заклік да цнатлівага жыцця. Найбольш яскрава гэтыя матывы гучаць у творах Яна Чачота і Ігната Дамейкі.

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.