2015-07-31 17:31:00

Кастусь Каліноўскі


Нашае ўяўленне пра беларускую літаратуру 19 стагоддзя будзе няпоўным без гаворкі пра знакамітага палітычнага і грамадскага дзеяча, кіраўніка вызвольнага  паўстання 1863-64 гадоў на Беларусі Кастуся Каліноўскага. Ён пакінуў пасля сябе невялікую, але вельмі важную для нашай культуры і гісторыі літаратурна-публіцыстычную спадчыну.

Вікенцій Канстанцін Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны (сёння – Беластоцкае ваяводства ў Польшчы) 2 лютага 1838 года. Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, у Пецярбурскім універсітэце. Гэтую навучальную ўстанову Каліноўскі скончыў у 1860 годзе і атрымаў навуковую ступень кандыдата права.

Падчас навучання ў Пецярбургу Канстанцін Каліноўскі ўдзельнічаў у дзейнасці нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі, якой кіравалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. Пасля заканчэння вучобы і вяртання ў Беларусь Каліноўскі сам стварыў падобную арганізацыю ў Гародні і Гарадзенскай губерні. Пазней Каліноўскі ўвайшоў у камітэт па падрыхтоўцы паўстання на Літве і ў Беларусі.

З вызвольнай барацьбой, у якой удзельнічаў Канстанцін, звязаная яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць. У 1862-63 гадах Каліноўскі і яго паплечнікі выдавалі газету “Мужыцкая праўда”. Газета вызначалася моцнай сацыяльнай накіраванасцю. Яна заклікала беларусаў да барацьбы за свабоду і сацыяльную роўнасць. Аўтарам большасці артыкулаў, змешчаных у “Мужыцкай праўдзе”, быў Кастусь Каліноўскі. Ён падпісваўся псеўданімам “Яська-гаспадар з-пад Вільні”.

Каліноўскі заклікае да барацьбы за свабоду, бо кожны чалавек – гэта Божае стварэнне, а свабода з’яўляецца дарам Творцы: “Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў адзінакую душу, так скуль жа гэта ўзялося, што адзін марнуе та і над людзьмі збыткуе, а другі, бедны, паншчыну служыць альбо аброкі ў казну плаціць?” 

Асвета прынесла людзям разуменне, што кожны чалавек з’яўляецца Божым стварэннем. Тое, што людзі ўсё больш пазнаюць Божую волю адносна сваёй свабоды, таксама адбываецца па волі Госпада: “Сягодня ўсе ўжэ паразумнелі, усе ўжэ мужыкі талкуюць, што Бог стварыў чалавека, каб ён карыставаў з вольнасці справядлівай і смяюцца, як гэта маглі інак думаці. Гэта права, што народ робіцца разумнейшым, выходзіць ад самога Бога, а хто яму хоча спраціўляціся, таго альбо сам Бог, альбо народ па прыказу Боскаму з зямлёю змяшае!”
Бог, на думку Каліноўскага, бласлаўляе барацьбу за свабоду і роўнасць людзей, бо гэта барацьба з несправядлівасцю, якая з’яўляецца грахом у вачах Божых: “Толькі, дзецюкі, смела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваці трудна, бо боска моц вяліка а народу многа”. “Бог нам дапаможа!” – такімі словамі завяршае Яська-гаспадар з-пад Вільні трэці і пяты нумары “Мужыцкай праўды”.
Адзін з нумароў “Мужыцкай праўды” – шосты - цалкам прысвечаны рэлігійнаму пытанню. У  ім Кастусь Каліноўскі піша пра неабходнасць адраджэння Уніяцкай Царквы.

Уніяцкая Царква, якая узнікла пасля падпісання праваслаўнай Царквой Вялікага Княства Літоўскага ў 1596 годзе на саборы ў Берасці саюза з Апостальскім Пасадам, праіснавала на Беларусі амаль два з паловай стагоддзі. Напрыканцы 18 стагоддзя да Уніяцкай Царквы належала большасць жыхароў Беларусі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі пачаліся ганенні на Уніяцкую Царкву. Колькасць яе вернікаў зменшылася амаль на палову. Аднак напрыканцы 20-х гадоў 19 стагоддзя ўніятамі заставаліся амаль 2 мільёны беларусаў. Тады царскі ўрад, абапіраючыся на некаторых уніяцкіх ерархаў, распачаў шэраг захадаў з мэтай далучэння ўніятаў да праваслаўя. У выніку падману, ціску, рэпрэсій у 1839 годзе на так званым “Полацкім саборы” Уніяцкая Царква была далучаная да Расійскай Праваслаўнай Царквы, аднак супраціў з боку простых вернікаў і духавенства працягваліся яшчэ доўгі час.

Для Кастуся Каліноўскага ліквідацыя Уніі – гэта не проста змена адной канфесіі на іншую. Гэта духоўная трагедыя народу, праз якую людзі перасталі захоўваць Божыя прыказанні: “Но чы гэтак, дзецюкі, робіцца ў нас, як сам Бог прыказывае, чы дзержымося закону боскага? Самі скажэце. Ні адзін ужэ, можа, забыўся, што бацька яго быў справядлівай уніяцкай веры і ніколі ўжэ не спомніць на тое, што перавярнулі яго на сызму, на праваслаўе, што ён сягодня, як той сабака, жыве без веры і, як сабака, здохне чартам да пекла!!!”

Вінаватым у духоўнай трагедыі народу Каліноўскі лічыць расійскага цара, які зрабіў гэта для таго, каб падпарадкаваць беларусаў не толькі эканамічна, але і духова. Аднак Каліноўскі ўзносіць ба Бога малітву аб міласэрнасці, вызваленні і вяртанні веры продкаў: “Но, Божэ вшэхмоцны, міласерны ты наш пане, ты аб нас не забывай, злітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выжані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасць і веру нашых дзядоў і прадзедаў”.

У лютым 1864 года, калі ўзначаленае Каліноўскім паўстанне было амаль задушанае, ён быў арыштаваны і ўвязнены ў Вільні ў будынку былога  Дамініканскага кляштару. Чакаючы на пакаранне, Кастусь Каліноўскі піша “Лісты з-пад шыбеніцы”. У іх змагар выказвае веру ў тое, што для Беларусі настануць часы свабоды і пашаны чалавечай годнасці. У вязніцы Каліноўскі піша верш, адрасаваны сваёй нарачонай Марыі Ямант “Марыська чарнабрэва, галубка мая…”. У ім герой просіць каханую прыняць Божую волю і памятаць пра яго ў малітве:

Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю,
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,
То я з таго свету табе адзавуся.

Каліноўскі піша, што найважнейшая  каштоўнасць у свеце – гэта праўда, за якую ён сам адае сваё жыццё:

Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці
Дай ў прадвечнага саду вялеў прападаці
То мы прападзем марна,  но праўды ня кінем,
Хутчэй Неба і шчасце, як праўду, абмінем.

22 сакавіка 1864 года Вікенцій Канстанцін Каліноўскі па прыгаворы ваенна-палявога суда павешаны ў Вільні на Лукішскім пляцы. Так скончылася кароткае, але вельмі яскравае жыццё змагара, паэта і публіцыста, які заклікаў нас, беларусаў, імкнуцца да дадзенай Богам свабоды, змагацца з несправядлівасцю, шанаваць веру продкаў.

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.