2015-07-31 16:25:00

Афанасій Філіповіч


Сёння мы пагаворым пра чарговага беларускага пісьменніка 17 стагоддзя – Афанасія Філіповіча. Стаўленне да яго асобы неадназначнае – праваслаўная Царква шануе яго сёння як святога, аднак яго рэзка адмоўнае стаўленне да Берасцейскай Уніі і каталіцтва непрымальнае для каталікоў.

Афанасій Філіповіч нарадзіўся каля 1595 года, верагодна ў Берасці ў сям'і рамесніка. Атрымаў бліскучую адукацыю ў брацкай школе, а затым у Віленскім езуіцкім калегіуме. Некалькі гадоў працаваў хатнім настаўнікам. У 1627 годзе стаў манахам віленскага Святадухавага манастыра, а з 1633 года — намеснік ігумена ў Дубойскім манастыры каля Пінска. У 1636 годзе, пасля перадачы Дубойскага манастыра езуітам, Філіповіч пераходзіць у Купяціцкі манастыр, адкуль восенню 1637 года адпраўляецца ў Маскву. У 1637—1638 годзе Афанасій Філіповіч быў у маскоўскага цара, дзе сведчыў аб цяжкім становішчы праваслаўных у Рэчы Паспалітай і паведаміў цару пра планы ўраду Рэчы Паспалітай па падрыхтоўцы самазванца на маскоўскі пасад. У 1640 годзе, пасля прыезду з Масквы, Філіповіча абіраюць ігуменам Берасцейскага Сімеонаўскага манастыра . Тут ён узначаліў барацьбу мясцовага праваслаўнага брацтва супраць уніятаў.

У 1643 годзе пасля выступлення на сойме Афанасій Філіповіч быў арыштаваны і сасланы ў Кіеў, аднак апраўданы там царкоўным судом. У 1644 годзе арыштаваны зноў, гэтым разам як дзяржаўны злачынца пасля перадачы рускаму паслу ліста самазванца Яна Лубы.

У турме Афанасій Філіповіч напісаў шэраг вострых публіцыстычных артыкулаў, пра якія мы сёння яшчэ пагаворым. Варшаўскую турму змяніла ссылка ў Кіеў. Выйшаў на волю Афанасій у 1647 годзе.

Сваё жыццё Афанасій Філіповіч скончыў трагічна. У час Казацкай вайны 1648—1651 гадоў ён расстраляны па абвінавачванні ў дапамозе казакам Хмяльніцкага.

Адзіны твор, які захаваўся пасля Афанасія Філіповіча - "Дыярыюш", які ён стварыў падчас ссылкі ў Кіеў, спадзеючыся на амністыю. Дыярыюш (у перакладзе з лацінскай мовы — дзённік) — жанр старажытнабеларускай літаратуры, у якім у храналагічнай паслядоўнасці перадаваліся падзеі грамадска-палітычнага ці прыватнага жыцця праз суб'ектыўнае ўспрыманне аўтара.

Аднак “Дыярыюш” Філіповіча – твор спецыфічны. Ён выйшаў у 1646 годзе як зборнік публіцыстыкі. Аўтар аб'яднаў у ім падарожныя нататкі («Гісторыя падарожжа ў Маскву»), тлумачальныя запіскі, успаміны, дзённікі, аўтабіяграфічны нарыс аб пражытым, пасланні, лісты, выкрывальніцкія прамовы, філасофскія трактаты багаслоўскага характару, вершы і песні, складзеныя ў турме. Твор стракаты па стылю — апавядальная манера змяняецца заклікавай публіцыстычнасцю, дакументальныя згадкі — містычнымі карцінамі. Аўтар выступае то прапаведнікам «разумнай мернасці» ў грамадстве, то ваяўнічым абаронцай «веры праўдзівай і царквы ўсходняй грэчаскай».

Паколькі ўсё жыццё Афанасій Філіповіч прысвяціў змаганню за правы і прывілеі праваслаўнай Царквы, грамадскае і асабістае ў яго «Дыярыюшы» цесна пераплеценае. Філіповіч выступаў за адраджэнне праваслаўнай Царквы і саюз з Расіяй, крытыкаваў палітыку Рэчы Паспалітай і магнатаў краіны. У «Дыярыюшы» шмат апісанняў і згадак пра трагічны лёс Праваслаўнай Царквы: “Месцічы бедныя з Сокаля, Оршы, Пінска, Бельска, Кобрына, Берасця і з іншых гарадоў і мястэчак з плачам лямантуюць, што не маюць ужо і людзей, якія б маглі даглядаць цэрквы свае! … Ах, бяда ж! Крыжа не прыняўшы, дзеткі пакутуюць! I дарослыя без шлюбаў жывуць! I памерлых у палях, на гародах і ў піўніцах патаемна ўначы хаваюць! Няма, кажу, вольнасці нават і за грошы! Тут, у дзяржаве хрысціянскай, праваслаўныя людзі маюць і церпяць няволю, большую за турэцкую!”

Поруч з гэтым аўтар востра крытыкуе тую частку Царквы Вялікага Княства Літоўскага, якая прыняла Унію з Апостальскім Пасадам. Даставалася ад яго і рыма-каталікам, асабліва езуітам: “Тыя езуіты адточанымі словамі і тытуламі высокімі пабралі нутро людское, душы яшчэ маленькіх дзетак, ладзячы ў школах камедыі, маючы ў касцёлах катэдры і кніжкі пераліцаваныя, выдуманыя ашуканнем шайтанскім, якія раздаюць бязбожна простым людзям. Абліваюць брудам і пераследуюць прававерных хрысціянаў, самі будучы неправавернымі”.

У «Дыярыюшы» Афанасія Філіповіча няма кніжнай рыторыкі. Аўтар абапіраўся на ўласныя назіранні, на факты рэчаіснасці. Апантаны да фанатызму, надзвычай уражлівы, Філіповіч часам «бачыў» тое, што выходзіць за рамкі рэальнага. Так, у адной з частак «Дыярыюша» ён апісвае свае містычныя бачанні: “У той час пабачыў на небе і на зямлі (не праз сон, а ўдзень, на яве, толькі нібы ў нейкім засланні) страшныя з’явы. На небе — хмары вельмі гняўлівыя, нібы войскі, да бою гатовыя. А на зямлі — сем агнёў пякельных, на сем грахоў смяротных падрыхтаваныя. Сярод тых агнёў — у пятым, палаючым гнеўна, выразна бачыў тры асобы: нунцыя-легата ў папскай кароне, караля Жыгімонта і гетмана Сапегу, якія за пераследы Усходняй Царквы сядзелі дужа засмучаныя”. 

У сваім “Дыярыюшы” Афанасій Філіповіч вялікую ўвагу надае шанаванню Багародзіцы. Асабліва блізкі быў яму Купяціцкі абраз Маці Божай. Так апісвае ён з’яўленне Багародзіцы перад падарожжам у Масковію: “Потым, перад выпраўленнем у дарогу, перахрысціліся з братамі, увайшлі ў прытвор царкоўны і, даверыўшыся ва ўсім волі Божай, адбілі некалькі паклонаў. Потым зірнулі праз акенца на цудатворны вобраз Прачыстай Багародзіцы. Раптам здарыўся шум дужа страшны ў царкве. Спалоханы, я хацеў быў хутка ўцячы, але потым асмеліўся, паўторна глянуў у акенца, прамаўляючы:

— О, Прачыстая Багародзіца, будзь са мною!

I на тое ад вобраза цудатворнага Прачыстай Багародзіцы пранікнёны голас пачуў: "Іду і Я з табою!”

“Дыярыюш” Афанасія Філіповіча – твор супярэчлівы. У ім мы бачым шчырую пабожнасць аўтара і адначасова яго непрымірымасць да сваіх апанентаў, гістарычныя звесткі і містычныя перажыванні. 

Айцец Андрэй Крот

 








All the contents on this site are copyrighted ©.