2015-07-30 15:10:00

“Cor Unum” дапамагае ахвярам сірыйска-іракскай драмы


Святы Айцец па-ранейшаму рэкамендуе Папскай радзе “Cor Unum”, каб прыярытэтам яе дзейнасці былі бедныя і пакінутыя, сказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё сакратар дыкастэрыі, кс. Джавані Даль Тоза. Таму вакол гэтых тэм сканцэнтраваны цяперашнія асноўныя напрамкі дзейнасці. Адным з іх з’яўляецца сітуацыя народаў Ірака і Сірыі, пацярпелых ад войнаў.

У верасні 2015 г. у Рыме пройдзе чарговая сустрэча каардынатараў дабрачынных арганізацый, якія маюць справу з дапамогай рэгіёну. “Ідэя складаецца ў тым, каб паспрабаваць, наколькі гэта магчыма, інтэграваць усіх, хто займаецца такой дзейнасцю. Цяжка ўсталяваць аператыўную каардынацыю па прычыне вялікай колькасці ўдзельнікаў і далікатнасці сітуацыі”, - лічыць сакратар “Cor Unum”.

У той жа час святар падкрэсліў рашучасць Папы, для якога складаная сітуацыя ў Сірыі і Іраку – надзвычай важнае пытанне. “Францішак часта казаў пра Сірыю і Ірак, і шмат разоў прасіў паспрабаваць знайсці там шлях да паяднання і міру. Гаворка ідзе аб тым, каб пакласці канец гэтай вайне, якая доўжыцца больш за чатыры гады і ўжо выклікала смерць толькі ў Сірыя 220 тыс. асоб. Яна прынесла вялікія пакуты таксама хрысціянам у Іраку, якія павінны былі бегчы, таму што іх выгналі з роднай зямлі”, - сказаў кс. Даль Тоза. Ён дадаў, што ўпершыню ў гісторыі ў некаторых частках Іраку не засталося хрысціян. 

Сакратар Папскай рады выказаў перакананне, што прысутнасць Касцёла сярод насельніцтва гэтых краін з’яўляецца самым вялікім сведчаннем, якое католікі могуць даць у гэты час: па меншай меры, наколькі гэта магчыма, прадухіліць паглыбленне ран, адкрытых вайной.








All the contents on this site are copyrighted ©.