2015-07-29 14:54:00

Пакістан: ахвяры “закона аб блюзнерстве” – мусульмане


У Пакістане ў цяперашні час каля 130 хрысціян і 950 мусульман праходзяць па справах, звязаных з так званым “законам аб блюзнерстве”. Такую інфармацыю Папскаму фонду “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” удзяліў дырэктар дамініканскага Цэнтра міру ў Лахоры, кс. Джэймс Чанан.

“Па маіх ацэнках, цяпер налічваецца 130 хрысціян, чые справы аб “блюзнерстве” знаходзяцца на стадыі разгляду”, - распавёў святар. “Але вы будзеце яшчэ больш здзіўлены, даведаўшыся, што яшчэ каля 950 мусульман таксама патрапілі пад абвінавачванні ў “блюзнерстве” і знаходзяцца пад следствам”, - дадаў ён. Па словах дамініканіна, закон працуе ў большай ступені супраць мусульман і вельмі часта з’яўляецца інструментам для ўрэгулявання камерцыйных спрэчак або асабістай непрыязнасці.

Усё ж, ёсць вялікая розніца паміж абвінавачваннямі мусульман і хрысціян, паведаміў кс. Джэймс Чанан. “Калі абвінавачваюць мусульманіна, то толькі аднаго яго, абвінавачванне не распаўсюджваецца на сваякоў. Калі ж абвінавачваюць хрысціяніна, то пакутуе ўся супольнасць, увесь раён. І ў шэрагу выпадкаў уся хрысціянская вёска ці раён могуць быць спалены дашчэнту”, - растлумачыў дырэктар дамініканскага цэнтра.








All the contents on this site are copyrighted ©.