2015-07-28 11:36:00

Пантыфік скіруе ў дыяцэзіі “місіянераў міласэрнасці”


Святы Пасад шукае місіянераў міласэрнасці, якіх Святы Айцец скіруе на асаблівую місію прабачэння на ўсіх кантынентах. Гаворка ідзе пра святароў, якія павінны быць жывым знакам Айца, які прымае ўсіх, хто шукае Божага прабачэння. Ініцыятыва з’яўляецца часткай святкавання, абвешчанага Францішкам, Надзвычайнага Святога Года Міласэрнасці. 

Пантыфік разашле святароў у Папяльцовую сераду 2016 года, якая па часе прыпадзе на Юбілей. Падкрэсліваецца, што яны павінны быць “пераканаўчымі вестунамі міласэрнасці і пасланнікамі радасці прабачэння”.

“Папскім місіянерам” можна стаць проста запоўніўшы адпаведную форму ў інтэрнэце. Абраныя святары будуць запрошаны дыяцэзіяльнымі біскупамі ў сваіх краінах да ажыццяўлення “народных місій” або канкрэтных ініцыятыў, звязаных са Святым Годам, з канкрэтнай спасылкай на цэлебрацыю сакрамэнту пакаяння. Пантыфік, у сувязі з гэтам, дасць ім уладу адпушчэння грахоў, зарэзерваваных Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.