2015-07-28 15:17:00

Касцёл зачыняе місію ў Антарктыдзе


 

Пасля 57 гадоў місія Каталіцкага Касцёла пакідае Антарктыду. Прычына ў невялікай колькасці вернікаў і недахопе фінансавых рэсурсаў. Адзіны каталіцкі храм на кантыненце знаходзіцца на тэрыторыі амерыканскай даследчай станцыі Мак-Мёрда, найбуйнейшай у Антарктыдзе. Кс. Дэн Дойл, які быў тут душпастырам з 1984 г., растлумачыў, што паступова памяншаецца колькасць работнікаў станцыі, што звязана са скарачэннем бюджэту.

Калі адзіным сродкам камунікацыі з светам у Антарктыдзе былі радыёпрыёмнікі, людзі адчувалі сябе вельмі самотна. Католікі імкнуліся да размоў са святаром. Аднак, зараз іх рэлігійнасць аслабла; і гэта ў многім вынік прысутнасці інтэрнэту, лічыць кс. Дойл. У той жа час, святар запэўніў, што ён вельмі задаволены сваім доўгім служэннем тут. Ён клапаціўся не толькі пра рэлігійныя і духоўныя патрэбы многіх людзей, але і займаўся пытаннямі культуры і адукацыі, дапамагаючы ствараць атмасферу цяпла і салідарнасці сярод жыхароў станцыі.

У цяперашні час, супрацоўнікі станцыі пяройдуць пад часовую “міжканфесійную” духоўную апеку пратэстанцкага пастара. Мясцовы хрым, які называюць “снежным касцёлам”, заўсёды быў месцам малітвы не толькі для католікаў, але і пратэстантаў. Каталіцкага святара кіравала сюды дыяцэзія Крайстчэрч у Новай Зеландыі, а пастара заўсёды паветраныя сілы ЗША.

Палярная навукова-даследчая станцыя Мак-Мёрда, размешчаная ў паўднёвай частцы Вострава Роса, названа ў гонар лейтэнанта Арчыбальда Мак-Мёрда з карабля “HMS Terror”, які ў 1841 г., падчас экспедыцыі брытанскага даследчыка Джэймса Роса зрабіў першую карту гэтай вобласці. Яна была адкрыта ў 1956 г.

У Антарктыдзе па-ранейшаму дзейнічае Свята-Траецкая праваслаўная царква пры расійскай навукова-даследчай станцыі Белінсгаузен на востраве Кінг-Джордж. Невялікі драўляны будынак можа змясціць 30 чалавек. Служэнне ў ёй ажыццяўляюць манахі Троіца-Сергіевай Лаўры ў Сергіевым Пасадзе пад Масквой.








All the contents on this site are copyrighted ©.