2015-07-23 12:06:00

Пантыфік падтрымаў брытанскую ініцыятыву “pro life”


Папа Францішак прывітаў і падтрымаў Касцёл у Англіі і Уэльсе з нагоды Дня абароны жыцця, які будзе адзначацца тут 26 ліпеня 2015 г. Спецыяльнае пасланне Пантыфіка атрымаў Апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі, арцыбіскуп Антоніа Меніні і ўручыў яго адказнаму за рэалізацыю ініцыятывы біскупу Джону Шэрынгтану. Святы Айцец удзяліў апостальскае благаслаўленне “усім асобам, якія розным чынам удзельнічаюць у гэтай значнай падзеі і працуюць на карысць годнасці кожнай чалавечай асобы ад моманту яе зачацця да натуральнай смерці”.

Сёлета Дзень абароны жыцця, арганізаваны брытанскім епіскапатам, праходзіць пад дэвізам “Клапаціцца пра жыццё, прымаць смерць”. Тэма была выбрана не выпадкова. У Вялікабрытаніі праходіць шырокая дыскусія аб легалізацыі эўтаназіі праз увядзенне невылечна хворым дарослым асобам спецыяльнай ін’екцыі, выклікаючай хуткую смерць. 11 верасня 2015 г. у Палаце Абшчын адбудзецца галасаванне адносна гэтага пытання.

Ініцыятыва Касцёла ўпісваецца ў кампанію па прыцягненню ўвагі да праблемы эўтаназіі. У пасланні з нагоды Дня абароны жыцця, распаўсюджаным англійскім епіскапатам, адзначаецца, што “памылкова паскараць ці правакаваць смерць”, таму што “Бог нас кліча ў належны час”. На думку іерархаў, смяротна хворыя асобы маюць патрэбу ў лепшай паліятыўнай апецы, а не эўтаназіі.

У пакутах, цярпенні і самоце кожны чалавек заслугоўвае клопату і падтрымкі, а не дапамогі ў самагубстве. “Нават найслабейшыя і самыя безабаронныя, хворыя, пажылыя, бедныя і ненароджаныя з’яўляюцца Божым тварэннем, створаны на Яго вобраз, прызначаны да вечнага жыцця і заслугоўваюць пашаны і павагі”, - гаворыцца ў адмысловым паведамленні епіскапату Англіі і Уэльсу.








All the contents on this site are copyrighted ©.