2015-07-23 13:48:00

Культуролаг: “вішнеўская знаходка” не належыць Рушчыцу


Беларускі гісторык мастацтва і культуролаг Сяргей Харэўскі перакананы, што знойдзеныя нядаўна ў касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе Валожынскага раёна малюнкі не належаць Фердынанду Рушчыцу. Мастацтвазнаўца лічыць, што гэта могуць быць працы Вацлава Міхневіча, беларускага і літоўскага архітэктара, незаслужана забытага сёння.

“Мастак Алесь Пушкін мяркуе, што былі знойдзены малюнкі і краслюнкі Фердынанда Рушчыца. Я, як спецыяліст, хачу сказаць, што гэта толькі прыпушчэнне, бо дакументы датуюцца 1903 годам, калі Рушчыц быў яшчэ гімназістам. Таму гэта не магчыма. Хутчэй за ўсё, гэта праекты выдатнага і забытага ў нас архітэктара Вацлава Міхневіча. Ён нарадзіўся ў Літве і стаў вядомы дзякуючы шматлікім праектам касцёлаў у гэтай краіне. А ў нас мала пра яго гавораць, хоць ён з’яўляецца аўтарам праектаў каталіцкіх храмаў у Дзярэчыне, Ашмянах, Відзах і многіх іншых беларускіх мястэчках і гарадах”, - сказаў Сяргей Харэўскі ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Яшчэ адным аргументам на карысць прыналежнасці малюнкаў Міхневічу з’яўляецца іх архітэктурная спецыфіка, што не было ўласціва юнаму на той час мастаку-студэнту Рушчыцу.

Паводле гісторыка мастацтва, “вішнеўская знаходка”, гэта яшчэ адна нагода ўзгадаць выбітную для беларускай культуры асобу і “засведчыць нашу супольную цывілізацыйную стрэфу з Літвой”.

Сяргей Харэўскі перакананы, што падыход да сакральнага мастацтва ў тыя часы з боку святароў, якія не баяліся запрасіць да супрацоўніцтва людзей крэатыўных і творчых, сапраўдных прафесіяналаў сакральнай архітэктуры, такіх, як Міхневіч, можа паслужыць прыкладам для сённяшняга духавенства.








All the contents on this site are copyrighted ©.